Бяседныя песьні
304 / 0
18.10.2019

«Добрага роду — п’ю гарэлачку як воду». Альбом застольных песень беларусаў

Праект «Tradycyja» прэзэнтаваў кнігу-CD «Бяседныя песьні», у якой сабраныя застольныя песьні з розных рэгіёнаў Беларусі з 1960-х гадоў да нашага часу.

Бяседныя песьні сьпявалі ў сьвяточныя моманты, калі за адным сталом зьбіраліся сям’я, суседзі і знаёмыя. Іх рэгіянальныя назвы — застольныя, гасьцявыя, п’яніцкія, карчомныя, банкетовыя, пірушачныя, кірмашовыя. Пра бяседныя песьні казалі: «Як толькі адну чарачку вып’ю і ўсё, пашло — вы сядзіце, а я буду песьні пяяць».

Бяседныя песьні выконвалі ў гонар нараджэньня дзіцяці і ўслаўлялі гасьціннасьць і шчодрасьць гаспадароў, добры пачастунак. У песьнях «пад чарачку» апавядалі пра сямейныя ўзаеміны: жыцьцё ў няроднай сям’і, адносіны з мужам, сьвёкрам ды сьвякроўю, смутак па родным доме. «Сьпявалі пра разьвітаньне зь бесклапотным жыцьцём, велічалі маладых, жартавалі з дружыны жаніха і нявесты на вясельным застольлі. У час кірмашоў і фэстаў, куды зьяжджаліся сваякі і знаёмыя, сьпявалі кірмашовыя песьні», — тлумачыць укладальніца «Бяседных песень» Яніна Грыневіч.

в. Трышын (цяпер у складзе Берасьця), Берасьцейскі раён, 1950-я., з архіва Антона Дацкевіча

Большасьць застольных твораў былі не абрадавымі, а «жызьненнымі». У іх распавядалі пра жаночую долю, няспраўджаныя надзеі, нялюбага мужа, нявернасьць ды сацыяльную няроўнасьць. Вясёлыя, гумарыстычныя творы суседнічаюць з сумнымі, мінорнымі.

Запісы на дыску «Бяседныя песні» складаюцца зь дзьвюх частак. Першая — песьні і найгрышы з Архіву Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру імя К. Крапівы НАН Беларусі, сабраныя ў экспэдыцыях з 1960-х. Другая частка — студыйныя запісы, запісаныя Тацянай Песьнякевіч пераважна ў студыі Дома радыё ў Менску. Усе кампазыцыі кнігі-CD «Бяседныя песьні» выдадзены ўпершыню.

в. Зарытава, Ляхавіцкі раён, Берасьцейская вобласьць, 1971 год, з архіва Міколы Таранды

Выданьне зроблена ў выглядзе кніжкі з вышыўкай на вокладцы і багата ілюстраванае старымі фатаздымкамі. Усяго рэліз складаецца з 34 кампазыцыяў: 18 у першай частцы, 14 у другой і два бонус-трэкі. У выданьні зьмешчана даведка аб песеннай традыцыі беларусаў, інфармацыя аб усіх запісах, фатаздымкі зь сямейных архіваў выканаўцаў. Усе зьвесткі перакладзены таксама на ангельскую мову.

«Бяседныя песьні» — ужо трэці дыск з сэрыі «Tradycyja», якую запачаткаваў лідэр гурта Vuraj Cяргей Доўгушаў з мэтаю паказаць наколькі магутныя традыцыі маюць беларусы.  Першы называўся «Мужчынская традыцыя сьпеваў». Другі — «Музыка Полаччыны».

Адмыслова для слухачоў TuzinFM у вольны доступ выкладзеныя некалькі запісаў з гэтага ўнікальнага праекту. Набыць выданьне можна ў кнігарні «Логвінаў».

TuzinFM