Concerto Grosso #15
316 / 0
11.09.2019

Графічная музыка «Фантастычных плыўцоў»

Гурт Fantastic Swimmers выдаў запісаны ў Варшаве «Concerto Grosso #15». Адметнасьць рэлізу ў тым, што музыка да яго была напісаная графічнымі сымбалямі.

Авант-джазавы ансамбль «Фантастычныя плыўцы» выдаў Concerto Grosso з парадкавым нумарам 15. Новую праграму сыграў зьмяшаны беларуска-польскі склад калектыву. А менавіта — Якуб Крулікоўскі з Познані (піяна), варшавякі Альгерд Долькальскі (труба), Пётар Мэлэх (клярнэт і бас-клярнэт), Пётар Дамброўскі (пэркусія), Вераніка Лось родам з Наваполацку (вакал) ды мянчук, стваральнік бэнду Віктар Сямашка (флейта, клярнэт).

Віктар кажа: «Усе кампазыцыі, акром апошняй, будаваліся паводле складзеных мною за суткі перад выступам графічных партытураў. Яны й названыя паводле прынцыпу пабудовы: ячэйкі, петлі, гама… Кантраляваная імправізацыя ды спосабы яе кантролю — тое, што мяне цяпер найбольш цікавіць. Калі графікі ды інструкцыі падрыхтаваныя, узьнікае адчуваньне, што канцэрт ужо напалову сыграны. Застаецца толькі напоўніць абраныя формы».

У кампазыцыі «Алігатар» выкарыстаныя дзьве фальклёрныя песьні пра Сонца, развучаныя з плыткі канца 1930-х. У «Інтэрмэдыі» Вераніка агучвае па-польску асобныя літары, затым лічбы, пасьля колеры. Фінальная й самая працяглая рэч выкананая калектывам без партытураў, цалкам спантанна — «Ad lib».

Запіс Concerto Grosso #15 «Фантастычных плыўцоў» адбыўся вясной 2018 году ў варшаўскім клюбе Młodsza Siostra. У якасьці слухачоў на імпрэзу завіталі дырыгент Warsaw Improvisers Orchestra Рэй Дзікаты, кампазытары Эдвард Сяліцкі і Анджэй Рэйман. Па словах апошняга, канцэрт выдаўся цікавым і разнастайным.

TuzinFM, фота на вокладцы Mirka Gmaj