Hraniony
653 / 0
12.07.2019

PyLai. Дэбют менскіх рок-рамантыкаў

Гурт Рыгора Лайкова і Ўладзімера Пыльчанкі запісаў дэбютны альбом «Hraniony» — узорны рамантычны рок на беларускай і расейскай мовах.

Рыгор ды Ўладзь вырашылі працаваць разам летась, назву бэнду далі паводле першых літараў сваіх прозьвішчаў — выйшла сэнсоўна. У гэты ж час яны ўзяліся афармляць песьні і запісваць у студыі. Праца вялася адразу на трох студыях — EverestMedia, «Селах» і «Хата». Па выніку атрымалася 12 песень, якія склаліся ў альбом «Hraniony». Стыль хлопцы вызначаюць як «рамантык-рок». Песьні на беларускай мове чаргуюцца з расейскамоўнымі творамі. «Білінгвізм забясьпечвае шматграннае паглыбленьне ў сэнс кожнага трэку», — упэўненыя музыкі.

Да альбому аўтары напісалі эмацыйную і матывацыйную анатацыю: «Ці ведаеш ты, што такое музычнае галаданьне? Гэта прага новага гуку, новых гармоніяў, новых тэкстаў. Мы з трымценьнем і любоўю аддаём табе на разарваньне наш першы альбом. Памаўчы, не напружвайся і паслухай гэтыя песьні. Плач, сьмейся, танчы, сядзі, уставай, хвалі і лай. Праслухай. Кахай, твары, палай!»

Жывая прэзэнтацыя альбому адбылася ўжо ў чэрвені ў клюбе «Брюгге». Сачыць за далейшымі канцэртамі новага гурта можна ў афіцыйнай суполцы.

TuzinFM