Картблянш на пасрэднасьць
1003 / 0
28.05.2019

Эпоха ноўнэймаў ідзе. Дэбютнік «Району 119»

Рэп-гурт «Район 119» прэзэнтаваў дэбютны EP «Картблянш на пасрэднасьць», які заяўляецца як зьдзек зь беларускамоўнага індзі-року ды індзі-попу.

«Наш дэбютны рэліз — гэта зьдзек над дамінуючай на дадзены момант індзі-рокавай/індзі-попавай хваляй у беларускамоўнай музыцы, якая ў пагоні за зьнешняй формай, фірмовым саўндам, страціла здольнасьць на цікавыя творчыя выказваньні, і, як вынік, страціла актуальнасьць», — кажа лідэр каманды Андрэй Кавецкі. Ён дадае, што ў гэтай працы падаецца сыгнал пра надыходзячую эпоху Ноўнэймаў, якія даволі хутка зламаюць старыя ўяўленьні пра тое, якой павінна быць беларуская музыка.

У міні-альбом увайшло 5 трэкаў. На яго запіс і зьвядзеньне пайшло тры месяцы. Праца вялася на хатняй студыі гурта Absolem Cloud, зь якім «Район 119» пазнаёміўся на конкурсе «Засьпявай-5». У рэліз увайшлі як раньнія трэкі гурта, якія паказваліся ўжо ў дэма-варыянтах, так і зусім новыя. Усе яны запісаныя цяперашнім складам гурта, у які ўваходзіць Андрэй Кавецкі (вакал, тэксты, біты), Лера Гера (вакал) і Стэнмэй (гітара).

Песьні з EP «Картблянш на пасрэднасьць» музыкі выканалі падчас жывога сэту ў праграме Belsat Music Live.

TuzinFM