Гурт «Калачиком рядом» задумаў альбом плянэтарнага маштабу (прапанова да музыкаў!)
2311 / 0
17.04.2014

Гурт «Калачиком рядом» задумаў альбом плянэтарнага маштабу (прапанова да музыкаў!)

Лідэр магілёўскага гурту «Калачиком рядом» Мікіта Емяльянаў арыгінальным чынам падыйшоў да стварэньня свайго новага альбому.

Музыка, які цяпер жыве ў Кітаі, прапанаваў усім цікаўным паўдзельнічаць у запісе альбому. «І чым болей тых, хто адгукнецца, тым лепей», — мяркуе Мікіта. Ён прадстаўляе будучы рэліз, як «альбом без прапіскі, альбом сьвету, над якім ужо працуюць два дзясяткі музыкаў зь Беларусі, Украіны, Расеі, Польшчы, Казахстану і, канечне, Кітаю». «Калі вы ўмееце і хочаце граць на сваім інструмэнце (нават на лыжках!), у вас ёсьць выхад у сеціва на добрай хуткасьці, і магчымасьць запісацца, то будзем рады вашаму ўнёску ў працу!» — вядзецца ў закліку. Лідэр «Калачиком рядом» мае намер абавязкова скарыстаць у запісе беларускія народныя інструмэнты.

Натхніла на такую ідэю беларускага музыку месца яго цяперашняга пражываньня: «Шанхай — гэта тэхналягічная і эканамічная сталіца сьвету. Аднак у культурным пляне кітайцы вельмі слабыя. Кітай безнадзейна затрымаўся на ўзроўні традыцыі, але ён стараецца запоўніць гэты прагал і бесьперапынна запрашае гасьцей адусюль. Тут ёсьць усё — усе стылі, усе кірункі, усе тэндэнцыі. Гэта не Беларусь, дзе мода забіла ў чарговы бубен і ўся „прагрэсіўная“ моладзь надзела бароды і пайшла па мафіны. Тут можна пачуць усё, што калі-небудзь гралася і граецца цяпер. І ўсё гэта я слухаў, і ўсё гэта вельмі захапляюча. Добрая музыка адрозьніваецца ад кепскай толькі тым, што народжаная зь любоўю».

Музыканту хочацца стварыць альбом, які бы ўвабраў у сябе ўсё, што магчыма і быў зразумелы кожнаму жыхару плянэты.

Альбом будзе цалкам інструмэнтальным і выдадзены пад шыльдаю гурту «Калачиком рядом» пры канцы 2014 году. 

Зьвяртацца да Мікіты можна праз афіцыйную суполку гурта.

Tuzin.fm