1756 / 0
02.04.2014

Віктар Сямашка апярэдзіў The UNB па колькасьці альбомаў (аўдыё)

Новы альбом «Зьнянацку» стаў для Віктара Сямашкі 108-м па ліку.

У такім стылі, як Віктар Сямашка, у Беларусі ня грае бадай ніхто. У ягоных п’есах перасякаюцца фры-джаз, акадэмічная музыка, электроніка, фальклёр і яшчэ безьліч усяго. Яго новы альбом «Зьнянацку» поўніцца незвычайнымі інструмэнтальнымі спалучэньнямі. Напрыклад, адначасова гучаць тры сынтэзатары, у тым ліку аналягавы і кішэнны, а таксама афрыканскі драўляны ксыляфон і тыбэцкая чара ды шмат розных духавых інструмэнтаў. Акрамя самога Сямашкі ў працы над рэлізам узялі ўдзел Ігар Адасік, Раман Яраш, Васіль Панкратаў, гурт Masque Noir у поўным складзе. Запіс дыску адбыўся летась у менскім раёне Грушаўцы, у хатцы, што завецца ДК «La мора». Гэты канцэрт быў адным з апошніх на гэтай пляцоўцы, неўзабаве хаціну зьнясуць.

Пра сэнс сваёй творчасьці аўтар альбому «Зьнянацку» кажа так: «Кожны выступ — гэта як вынік пэўнага пражытага этапу жыцьця, хаця падчас канцэрту гэта адбываецца даволі спантанна і музыка нараджаецца ў рэжыме тут і цяпер“. Мне падаецца, што такі рэжым дазваляе стварыць такую дзіўнаватую музыку, якой можа не хапае ў нашай прасторы».

У аздабленьні альбому Віктар скарыстаў фотаздымкі Сяргея Гудзіліна, якія лічыць узорам стыхійнага менскага супрэматызму.

Альбом «Зьнянацку» стаў шостым афіцыйна выдадзеным на лэйбле і 108-м агулам (паводле прыблізных падлікаў) у дыскаграфіі Сямашкі, які запісвае сваю музыку яшчэ з пачатку 90-х гадоў. Такім чынам, Віцю можна лічыць рэкардсмэнам па колькасьці рэлізаў у беларускай музыцы. Дагэтуль меркавалася, што найбольш альбомаў запісаў гурт The UNB, на іх рахунку 107 рэлізаў.

Tuzin.fm

Цалкам спампаваць альбом «Зьнянацку» можна на старонцы лэйбла Haze