Прэмію Rock Profi ўручаць пры канцы красавіка
1913 / 0
20.03.2014

Прэмію Rock Profi ўручаць пры канцы красавіка

Першую ў Беларусі прафэсійную музычную прэмію ўручаць сёлета ў другі раз.

Як паведаміў Tuzin.fm заснавальнік прэміі Павал Юрцэвіч, абвяшчэньне пераможцаў Rock Profi па выніках музычнага 2013 году заплянавана на канец красавіка на адмысловым мерапрыемстве ў адным зь менскіх клюбаў. Рэглямэнт прэміі застаецца бязь зьменаў, пераможцы будуць названыя ў намінацыях «Дэбют», «Запіс», «Песьня», «Альбом», «Артыст» і «За ўнёсак». Іх вызначае журы, якое складаецца зь беларускіх музыкаў.

У адрозьненьне ад мінулагодняй цырымоніі, узнагароджаньне Rock Profi плянуецца правесьці ў адкрытым фармаце. «Мы абавязкова запросім усіх удзельнікаў журы і тых музыкаў, якія вылучыліся ў мінулым годзе, але таксама хочацца, каб на мерапрыемства трапілі ўсе ахвочыя, таму квіткі на Rock Profi можна будзе набыць», — кажа Павал Юрцэвіч. У межах прэміі выступіць замежны гурт. Сярод верагодных кандыдатураў называецца ўкраінскі праект Younnat альбо латыскі Instrumenti.

Tuzin.fm