2730 / 0
24.12.2013

Новае тэлешоў аўтарства Вольскага (трэйлер!)

Прэм’ера навагодняга фільму-канцэрту «Сьнежны завулак, 14» («Бывай, Зямля!») паводле сцэнару Лявона Вольскага адбудзецца 31 сьнежня ў этэры тэлеканалу «Белсат».

Празь перапынак у чатыры гады Вольскі вярнуўся да фармату навагодняга тэлешоў. «Бывай, Зямля!» — чацьверты фільм-канцэрт з сэрыі «Сьнежны завулак». Першы выйшаў у 2008 пад назвай «Незвычайная сустрэча пад Новы год», у наступным годзе пабачыў сьвет рэтра-праект «Такога няма нідзе», а ў 2010 калядная казка «Аднойчы ў Барахляндыі».

«„Бывай, Зямля!“ — гэта і касьмічныя прыхадні, і выкраданьне кіраўніка гораду, і сьпірытычны сэанс. Усё гэта насычанае жарцікамі ды пранізанае песьнямі, якіх вы яшчэ ня чулі», — вядзецца ў анатацыі. Рэжысэрам фільму стаў Мацей Сабураў. Галоўныя ролі ў ім выканалі Ганна Хітрык, Павал Харланчук, Наста Шпакоўская, Раман Падаляка, а таксама шмат вядомых музыкаў, сярод якіх сам Лявон.

Прэм’ера фільму адбудзецца за некалькі хвілінаў да Новага 2014 году на тэлеканале «Белсат». Паглядзець яго можна у онлайн-трансьляцыі.

Tuzin.fm