«Серебряная свадьба» прыпыніла дзейнасьць (аўдыё)
1803 / 0
24.01.2017

«Серебряная свадьба» прыпыніла дзейнасьць (аўдыё)

Гурт Сьвятланы Бень сышоў у бестэрміновы адпачынак.

Адзін з самых пасьпяховых беларускіх гуртоў апошні раз выйшаў на сцэну яшчэ ўлетку 2016-га. У ліпені кабарэ-бэнд «Серебряная свадьба» зьезьдзіў у тур па Нямеччыне, пасьля чаго зьнік з далягляду. Аніякіх паведамленьняў пра новыя канцэрты, як і пра спыненьне дзейнасьці за гэты час не было. «Мы сапраўды не зьбіраемся разам і ня хочам уздымаць гэтую тэму, мы ўзялі паўзу дзеля адпачынку», — паведаміла Tuzin.fm сьпявачка Сьвятлана Бень. Прадусар каманды Аляксандар Багданаў удакладняе: «З пачатку жніўня 2016-га гурт сышоў у часовы адпачынак. Гэта зьвязана з асабістым жыцьцём яго удзельнікаў. Калі музыкі вернуцца на сцэну сказаць немагчыма».

Кабарэ-бэнд «Серебряная свадьба» існуе з 2005 году. Музыкі з посьпехам гастралявалі па Беларусі, Расеі, Украіне, Нямеччыне, ЗША. Запісалі тры студыйныя альбомы. Сьвета Бень сьпявала ў асноўным па-расейску, але для праекту «Тузін. Перазагрузка» музыкі ў супрацы зь перакладчыкам Сяргеем Балахонавым стварылі песьню «Новы мост». Прапануем паслухаць жывы запіс гэтай кампазыцыі, зроблены на канцэрце з нагоды 10-годзьдзя гурту ў Prime Hall (5.11.2015).

Яшчэ: Сьвета Бень: «Палову краіны Сталін забіў, а нам кажуць, што кепскія толькі фашысты»

Tuzin.fm