Hańbuki прэзэнтавалі сваё першае відэа
2674 / 0
16.12.2016

Hańbuki прэзэнтавалі сваё першае відэа

Беларуска-польскі музычны праект, які стварылі музыкі з гуртоў Dziecuiki і Hańbа, прэзэнтаваў відэасінгл «Тадэвуш Касьцюшка».

Песьня пра Касьцюшку належаць аўтарству «Дзецюкоў». Гэта быў першы сынгл зь іх альбому «Рэха». Менавіта яе падчас польскіх гастроляў гарадзенскія музыкі сьпяялі разам з польскім гуртом Hańbа. Справа зайшла далей за сумеснае выкананьне. Беларусы і палякі ўтварылі сумесны праект, які назвалі Hańbuki. Ужывую яго маглі пачуць наведнікі сёлетняга «Басовішча» і варшаўскага фэсту «Партызан-рок». Менавіта там і зьнялі музычнае відэа на «Касьцюшку».

«Сустрэліся два гурты, які адзін аднаму падабаюцца і замуцілі праект. Як мне падаецца, гурты адзін аднаго дапаўняюць. Асабліва гэта бачна, калі мы рэпэтуем: адчуваем адзін аднаго з паўслова, — распавёў Tuzin.fm вакаліст гурту Dziecuiki Алесь Дзянісаў. — Але пэрспэктываў пакуль што ня бачна. Яны жывуць у Кракаве, мы у Горадні. За ўвесь час адыгралі шэсьць канцэртаў, а сумесных рэпэтыцыяў было ўсяго тры».

На гэты момант, у праекту Hańbuki шэсьць супольных песень — тры зь іх належаць «Ганьбе», адна — «Дзецюкам». Выконваецца яшчэ «Партызан» з рэпэртуару гурту «Людзі на балоце» ды «Чорны хлеб і гарбата», польскі гіт часоў Салідарнасьці. Праект у Польшчы прымаюць вельмі прыязна. У Беларусі прэзэнтаваць яго пакуль што немагчыма, бо гарадзенскі гурт знаходзіцца пад забаронай.

Сачыць за навінамі праекту можна праз афіцыйную суполку.

Hańbuki — Kościuszko from leebros on Vimeo.

Tuzin.fm, фота Радыё Рацыя