Brutto пайшлі на кампраміс з уладамі (+апытаньне)
2966 / 2
15.12.2016

Brutto пайшлі на кампраміс з уладамі (+апытаньне)

Сьледам за праектам «Ляпіс-98» у Менску можа даць канцэрт асноўны гурт Сяргея Міхалка — Brutto.

Выступ заплянаваны на 8 сакавіка на найбуйнейшай канцэртай пляцоўцы беларускай сталіцы — «Менск-Арэне», якая можа зьмясьціць да 15 тысячаў гледачоў. Квіткі коштам ад 30 да 60 рублёў паступілі ўжо ў продаж. Музыкі сыграюць праграму пад назваю «Double Hot», якая складаецца з абраных трэкаў з альбомаў «Underdog» і «Родны край», а таксама некаторых гітоў гурту «Ляпіс Трубяцкі» за апошнія 10 гадоў існаваньня каманды. У Менску гэта будзе першы канцэрт Brutto ў гісторыі каманды. У кастрычніку гурт выступіў у Гомелі. А 30 сьнежня ў менскім Prime Hall пройдзе канцэрт сайд-праекту Brutto«Ляпіс-98». Празь неверагодны ажыятаж (квіткі раскупілі менш чым за суткі), гэты канцэрт будзе паўтораны 13 студзеня тамсама. Зьвяртае на сябе ўвагу, што ўсю рэклямную і прома-кампанію ў Беларусі Brutto вядзе па-расейску.

Па інфармацыі Tuzin.fm, пытаньне з дазволам выступу Міхалка вырашалася на ўзроўні Рады бясьпекі Беларусі зь вясны гэтага году. Лідэр Brutto мог пайсьці на некаторыя кампрамісы дзеля таго, каб выступіць на Радзіме, у прыватнасьці не крытыкаваць у СМІ палітыку кіраўніка дзяржавы, не дазваляць антыдзяржаўных заклікаў падчас сваіх канцэртаў і не выконваць некаторыя песьні са свайго рэпэртуару (размова ў прыватнасьці можа весьціся пра «Belarus Freedom» і «Грай» часоў «Ляпісаў»).

Акрамя Гомелю і Менску Brutto зьбіраецца выступіць і ў іншых буйных гарадах Беларусі. Лядовых палацаў у краіне пабудавана нямала. Быць можа каманда Міхалка якраз паклікана хоць трошкі падвысіць іх рэнтабэльнасьць.

На старонцы Tuzin.fm «УКантакце» з гэтай нагоды праводзіцца апытаньне наконт дачыненьняў творцы і ўлады. Заклікаем узяць у ім удзел.

 

Tuzin.fm, фота Concert.ua

КАМЕНТАРЫ:

  • Андрей Лазук
    Андрей Лазук / адказаць
    15.12.2016 / 19:01

    Ну дык мо трэба ў Міхалка й запытацца пра гэта?

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    15.12.2016 / 19:52

    Міхалок не дае камэнтары "Тузіну"
    http://tuzin.fm/zhamerun/1426/michalok-admoviu-tuzinfm-u-kamentary-ja-razmaulaju-tolki.html
    А нават, калі б і не даваў - пра такія рэчы не прынята казаць публічна.

  • КАМЕНТАВАЦЬ