Angst раздражняе і перамагае (+прэм’ера)
1507 / 0
21.11.2016

Angst раздражняе і перамагае (+прэм’ера)

Рэпэр Angst прэзэнтуе на Tuzin.fm новы самотнік з альбому «Стратасфэра», вокладка да якога перамагла ў дзьвюх намінацыях ва ўкраінскім конкурсе дызайну «Ukrainian Design».

Новы самотнік рэпэра завецца «Раздражняе». Аўтар кажа, што гэты трэк дэманструе зрух у гучаньні будучага альбому: «Гэта адыход ад лірыкі і рэфлексіі ў бок магчымых канцэртных „баевікоў“. Гэта голая эмоцыя, уплеценая ў агрэсіўны сторы-тэлінг, што праўда з маральлю напрыканцы», — кажа выканаўца. Музыка створаная ўкраінскім бітмэйкерам Кургузам, зь якім найчасьцей супрацоўнічае Ангст. Запіс і звядзеньне зробленыя на менскай студыі Nestanda rec.

Ангст перанес выхад свайго дэбютніка «Стратасфэра» на 2017 год. Хоць дыск цалкам запісаны, выканаўца хоча дапрацаваць некаторыя трэкі. Тым часам, вокладка альбому, які яшчэ ня выйшаў, зрабіла фурор на конкурсе «Ukrainian Design: The Very Best Of». Праца Аляксандры Карчэўскай перамагла адразу ў дзьвюх намінацыях — «Найлепшая графіка» і «Найлепшая дыджытал-вокладка».

Сачыць за навінамі Ангста можна празь яго афіцыйную старонку

Яшчэ: Angst запісаў самотнік з Стасем Мытнікам на біт Мураўя (прэм’ера)

Tuzin.fm