«Фантастычныя плыўцы» запісалі альбом з брытанскім саксафаністам і хорам (аўдыё)
2452 / 0
13.11.2016

«Фантастычныя плыўцы» запісалі альбом з брытанскім саксафаністам і хорам (аўдыё)

Фры-джазавы гурт зь Менску «Фантастычныя плыўцы» выдаў на нэт-лэйбле «Haze» новы альбом «Concerto Grosso #7».

Альбом быў запісаны падчас гукавой сэсіі, якая прайшла ў памяшканьні Беларускага саюзу дызайнэраў. Рэліз адметны асаблівым складам «Фантастычных плыўцоў». Замест Фрыда Самотнага на саксафоне тут саліруе брытанец Філіп Палмэр, які ўлетку гасьцяваў у Беларусі, а сам жыве ў Польшчы, грае ў складзе «Warsaw Improvisers Orchestra». Барабанную ўстаноўку ў «Concerto Grosso #7» замяняе адным кахонам Васіль Панкратаў, колішні лідэр фармацыі «Інфрачырвоны выдых». За гітарныя пасажы адказвае Алесь Сямашка, брат заснавальніка гурту Віктара. Акром таго, у асобных момантах да квартэту далучаецца імправізаваны зьмешаны хор «Кум-Кума». Сярод яго вакалістаў апынуліся Сяргей Доўгушаў (Vuraj) і Максім Іўкін («Балцкі Субстрат») , а таксама супругі Сяргей і Кацярына Раюнцы.

Віктар Сямашка зазначае, што «Concerto Grosso #7» стаўся для гурту этапным творам, пэўным пікам, але не апошнім. Гурт мае апублікаваць таксама і шэсьць папярэдніх гукавых сэсіяў.

Tuzin.fm, фота Дзьмітрыя Бельскага