Гран-Пры «Бардаўскай восені — 2016» атрымаў гурт «Сон-трава» (аўдыё)
2208 / 0
31.10.2016

Гран-Пры «Бардаўскай восені — 2016» атрымаў гурт «Сон-трава» (аўдыё)

Названыя пераможцы XXIII фэстывалю беларускага аўтарскага сьпеву «Бардаўская восень», які адбыўся з 28 па 30 кастрычніка на тэрыторыі Польшчы.

Сёлета канцэрты фэстывалю прайшлі ў Бельску Падляскім, Беластоку, Орлі, Нарве і Нараўцы. Тут выступілі Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, Сяргей Доўгушаў і Алесь Ясінскі, BosaeSonca, Ilo&friends, Navi. Акром выступаў вядомых музыкаў, штогод вялікую ўвагу выклікае і конкурс маладых выканаўцаў. У ім узялі ўдзел 9 выканаўцаў зь Беларусі, якіх адабралі ў Менску, а таксама два выканаўцы з Падляшша — Szymczuk band і Рercepcyja.

Па выніку выступаў, узнагароду ад «Беларускага Радыё Рацыя» атрымаў Міхаіл Рубін, а ўзнагароду ад аб’яднаньня «Бельская кааліцыя» і прыз глядацкіх сымпатыяў атрымаў гурт Рercepcyja. Гран-Пры фэстывалю ўручаны гурту «Сон-трава». Яго ўтварылі Кацярына Гузоўская-Гара і Сяргей Кунскі ў 2012 годзе ў Менску. На фэстывалі Кацярына выступала разам з гістарыстам Міхаілам Міхайлоўскім. Сёлета гэты гурт таксама трапіў у фінал конкурсу «Засьпявай 3.0», у аўдыёчарце цяпер бярэ ўдзел іх песьня «Горадзе наш», напісаная на словы Насты Кудасавай.

Яшчэ: «Сон-трава». Заблудныя ў хмельных травах (аўдыё)

Tuzin.fm, фота Радыё Рацыя