R.I.P. Юры Базан (1963—2016)
1200 / 0
26.09.2016

R.I.P. Юры Базан (1963—2016)

Пайшоў у іншы сьвет заснавальнік першай беларускай FM-станцыі «Аўтарадыё».

Юры Базан памёр 24 верасьня, на 54-м годзе жыцьця. Ён кіраваў «Аўтарадыё» з 1992 да 2011 году, калі станцыю зачынілі за трансляцыю роліка кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. З увядзеньнем патрабаваньня аб 75 працэнтах беларускай музыкі ў этэры, «Аўтарадыё» была адзінай радыёстанцыяй, якая зрабіла выбар на карысьць беларускамоўнага року. Нягледзячы на наяўнасьць негалосных забаронаў з боку чыноўнікаў, на «Аўтарадыё» ў пастаяннай ратацыі знаходзіліся песьні гуртоў N.R.M., ZET, «Крама», Neuro Dubel ды іншых. Да моманту ануляваньня вяшчаньня 10 студзеня 2011 году ў шчыльнай ратацыі знаходзіліся і песьні-лідэры гіт-параду «Тузін Гітоў» апошніх гадоў. Свае аўтарскія праграмы ў этэры вялі Алег Хаменка, Зьміцер Вайцюшкевіч, Маша Яр. Незадоўга да спыненьня этэру ў інтэрвію Tuzin.fm спадар Юры так пракамэнтаваў сытуацыю з «чорнымі сьпісамі»: «Я на падобныя сьпісы не зьвяртаю ўвагу, бо не лічу, што нечая творчасьць можа апынуцца пад забаронай на чыёйсьці меркаваньне. Ня ведаю, ці чакаць у гэтай сувязі новага закрыцьця. Мы па-ранейшаму будзем ставіць беларускамоўную музыку. І канечне N.R.M. з сваім „Аўтарадыё“ будзе гучаць у нас».

Пасьля рашэньня аб закрыцьці «Аўтарадыё» Юры Базан не пакідаў надзею аднавіць яго вяшчаньне. Але часу не хапіла.

Як паведамілі Tuzin.fm сваякі Юрыя Базана, пахаваньне пройдзе 27 верасьня на могілках у Міханавічах (участак 22) у 12:30. Юрыя пахаваюць побач зь ягонымі бацькамі.

Выказваем спачуваньне родным і блізкім.

Tuzin.fm