Праект «TŠ» прадставіў дэбютны самотнік «Імжа» (аўдыё)
2876 / 0
08.08.2016

Праект «TŠ» прадставіў дэбютны самотнік «Імжа» (аўдыё)

Музыкі з народнага ансамблю «Тутэйшая шляхта» заснавалі сайд-праект з маладой сьпявачкай Настай Сянько.

Наста выканала дэбютны твор праекту «TŠ»«Імжа», словы да яе напісала Ганна Радзюк, а музыку — Вольга Грышчанка. Музыкі называюць гэты твор «арыяй вядзьмаркі-спакусьніцы». Фольк-рокавы кірунак у творчасьці народнага ансамбля «Тутэйшая шляхта» зарадзіўся 10 гадоў таму ў выглядзе музычнага экспэрымэнту, вынікам якога стаў запіс песьні «Ах, вы, столікі мае» (2006). Экспэрымэнт працягнулі ў 2014 годзе, калі распачаўся запіс фольк-рок-гурта. Летась адбылася прэзэнтацыя песьні «Сэрца ў роспачы ня плача», якая стала песьняй месяца на «Радыё Сталіца». «Цяпер мы вырашылі вылучыць фольк-рокавы кірунак нашай творчасьці ў асобны праект пад назвай „TŠ“, пакуль гэты праект існуе выключна ў студыйным фармаце. У нашых марах — стварэньне паўнавартаснага „жывога“ фольк-рок-гурта», — распавёў Tuzin.fm адміністратар і вакаліст «Тутэйшай шляхты» Дзяніс Сьцяпура.

Музыкі працуюць над дэбютным альбомам «TŠ», але не бяруцца пакуль казаць пра дату рэлізу — абмежаванасьць сродкаў не дае рабіць так хутка, як хацелася бы. Неўзабаве яны пакажуць яшчэ адну кампазыцыю, якой наканавана стаць узорам новага гучаньня гэтага праекту.

Cачыць за навінамі гурта можна праз афіцыйныя суполкі ў Facebook і «ЎКантакце».

Tuzin.fm