«Купальскае Кола»: «Мы ведаем чым прывабіць замежнікаў!»
1660 / 0
21.04.2016

«Купальскае Кола»: «Мы ведаем чым прывабіць замежнікаў!»

25—26 чэрвеня на тэрыторыі загараднага комплексу «Камарова» пройдзе восьмы па ліку фэстываль «Купальскае Кола». У лайн-апе — вядучыя паган-, фольк-мэтал ды аўтэнтычныя гурты зь Беларусі, Польшчы, Украіны і Расеі.

Арганізатары фэсту «Купальскае Кола» лічаць сябе спадкаемцамі такіх беларускіх фэстаў 90-х і пачатку 00-х, як «Рок-Кола» і «Фольк-хатка» і маюць канкрэтны плян — зрабіць у Беларусі аўтарытэтны для ўсёй Эўропы фэст у кірунку фолькавай і цяжкай музыкі. «Мы ведаем чым прывабіць гасьцей фэсту зь Беларусі і з-за мяжы. Хочам узяць самае цікавае і кранальнае з досьведу мясцовых фэстаў і размах і маштабнасьць, уласьцівыя вядомым музычным оўпэн-эйрам. Сабраць на адной сцэне музычных монстраў з розных краінаў, але пры гэтым даць штуршок для разьвіцьця маладых камандаў, таму месца ў праграме знойдзецца і для іх. Мяркую, што мы ўжо складаем годную альтэрнатыву такім фэстам, як беларускі „Metal Crow“, украінскі „CAMF“ ці літоўскі „Kilkim Zaibu“», — сказаў у камэнтары для Tuzin.fm прадусар «Купальскага Кола» Алесь Таболіч.

Мінулы фэст прайшоў у Дудутках і сабраў каля 3000 гледачоў. Сёлета «Купальскае Кола» адбудзецца за 5 кіламэтраў ад Менску, на тэрыторыі комплексу «Камарова». Арганізатары разьлічваюць на яшчэ большую цікавасьць з боку публікі. У лайн-апе фэсту больш за 20 камандаў: беларусы «Стары Ольса», Znich, Gods Tower, Omut, гурт Krusher (Польшча), «Тролль гнет ель» (Расея), Nokturnal Mortum (Украіна) ды іншыя. Цікава, што сёлета ладзіцца бас-тур на «Купальскае Кола» з Масквы.

Падрабязьней пра фэст можна дазнацца ў афіцыйнай суполцы.

Tuzin.fm