1802 / 0
22.11.2013

За канцэрт бяз згоды ідэолягаў штраф да 2000 эўра

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла 22 лістапада ў першым чытаньні законапраект «Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях арганізацыі і правядзеньні культурна-відовішчных мерапрыемстваў».

Паводле яго ўводзіцца адміністрацыйная адказнасьць за арганізацыю і правядзеньне культурна-відовішчных мерапрыемстваў, калі яно праведзена без узгадненьня зь мясцовымі ўладамі, — паведамляе БЕЛТА. Да гэтага Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ №257 ад 5 чэрвеня 2013 згодна зь якім былі вернутыя гастрольныя пасьведчаньні.

Штраф за правядзеньне канцэрту без гастрольнага пасьведчаньня складзе да 10 базавых адзінак для фізычных асобаў (блізу 100 эўра), для ІП — ад 5 да 10 базавых, а для юрыдычных асобаў — ад 10 да 200 базавых (больш за 2000 эўра).

У Менску выдачай гастрольнага пасьведчаньня займаецца Галоўнае ўпраўленьне ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Менгарвыканкаму. Тuzin.fm атрымаў якраз сёньня такі дакумэнт за подпісам начальніка галоўнага ўпраўленьня Сяргея Хільмана на канцэрт «Героі году» . Папярэджваецца таксама, што да выдачы пасьведчаньня арганізатары ня маюць права рэклямаваць сваё мерапрыемства.

Tuzin.fm

Тэгi: