Хто такі Павал Скалабан, які забараніў гурт Dzieciuki
3080 / 0
14.04.2016

Хто такі Павал Скалабан, які забараніў гурт Dzieciuki

Адказнасьць за забарону гарадзенскага гурта, які сьпявае на гістарычныя тэмы, узяў на сябе Павал Скалабан — сын знакамітага гісторыка, які вывучаў беларускі нацыянальны рух.

Павал Скалабан кіруе галоўным упраўленьнем ідэалягічнай работы Менгарвыканкаму, якое кантралюе ў тым ліку гастрольна-канцэртную дзейнасьць у сталіцы ды выдае гастрольныя пасьведчаньні (за канцэрт без наяўнасьці такога дакумэнту пагражае немалы штраф). Фактычна адмова ў выдачы гэтай паперкі сьведчыць пра тое, што выканаўца трапляе ў «чорны сьпіс» і выступаць легальна ня можа. Так і здарылася з гуртом Dzieciuki, у тэкстах якога ідэоляг пабачыў экстрэмізм.

Павал Скалабан паходзіць зь вельмі інтэлегентнай сям’і. Ён нарадзіўся ў 1975 годзе. Ягоны дзед Уладзімер Скалабан быў вядомым краязнаўцам, а бацька Віталь Скалабан — гісторыкам, архівістам, пісьменьнікам. Менавіта дзякуючы спадару Віталю стаў вядомы аўтар паэмы «Тарас на Парнасе», шмат у чым дзякуючы яму выйшаў шасьцітомнік «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі». Сярод галоўных навуковых зацікаўленьняў спадар Віталь называў беларускі нацыянальны рух… Сын ягоны пастапіў на біялягічны факультэт БДУ (скончыў у 1997 годзе). Але ў навуку не пайшоў, вырашыў рабіць кар’еру дзяржслужачага. Пачаў яе ў тым жа БДУ: ён працаваў ва ўпраўленьні выхаваўчай работы ў шчыльнай супрацы з БРСМ, а потым узначаліў гэтае ўпраўленьне. Праз больш чым 15 гадоў адданай працы, Павал Скалабан атрымаў доўгачаканае падвышэньне па службе — пасаду кіраўніка менскіх ідэолягаў. У сваіх публічных выступах П. Скалабан называе сябе пэдагогам і патрыётам, які вядзе барацьбу з разбэшчанасьцю і амаральнасьцю. На адной з нарадаў, дзе разьбіралася дзейнасьць сталічных клюбаў, чыноўнік заявіў: «Мы бачым вялікую колькасьць прапановаў зладзіць у Менску відовішчныя мерапрыемствы з удзелам гуртоў, тэксты якіх не вытрымліваюць ніякай крытыкі з боку маралі. Такі нізкапробны прадукт нам не патрэбны».

Вядома, што П. Скалабан цікавіцца тэмаю Другой сусьветнай вайны. Сваім любімым музэем ён называе Музэй гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а ўлюбёнымі кніжкамі — «пра той час, пра партызан». «Быць начальнікам галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Менгарвыканкаму і ня быць пэдагогам — гэта памылка», — заявіў ён у адным з сваіх нешматлікіх інтэрвію. Карыстаецца Павал Віталевіч на працы расейскай моваю, хоць пры звароце да яго па-беларуску ў стане на ёй адказаць. А яшчэ калекцыянуе прадметы беларускага вясковага побыту.

Цяпер да біяграфіі чыноўніка можна яшчэ дадаць, што ведамства, якое ён ачольвае, забараняе канцэрты найлепшых беларускіх музыкаў.

Яшчэ: Хто такая Віталіна Рудзікава, якая забараніла гурт Amaroka?

Tuzin.fm, фота bsmc.by