Юлка Каціч прэзэнтавала першую песьню па-беларуску: «Я знайшла той верш!» (аўдыё)
2420 / 0
11.04.2016

Юлка Каціч прэзэнтавала першую песьню па-беларуску: «Я знайшла той верш!» (аўдыё)

Сваю першую песьню на беларускай мове сьпявачка запісала на словы Алеся Плоткі.

Юлчын гурт «Мигающий жёлтый» — арыгінальная зьява на беларускай сцэне, пра што засьведчыў іх альбом «Bingo» і фотасэсія да яго. Песьні пяюцца ў асноўным па-расейску і па-польску, трошкі па-ангельску, а вось па-беларуску сьпявачка ўпершыню засьпявала толькі цяпер, хоць карцела даўно. Праблема была ў тым, каб знайсьці адпаведны верш. І вось ён адшукаўся. Яго напісаў Алесь Плотка, а завецца твор «Муза». «Калі я пабачыла гэты тэкст, ён падаўся мне настолькі блізкім, нібы яго напісала я сама. Для мяне гэта верш пра бога, чалавека, экзыстэнцыялізм і вечнасьць — тыя тэмы, якія мяне цікавяць», — зазначыла Юлка ў камэнтары для Tuzin.fm.

Толькі пасьля таго, як запіс адбыўся, яна дазналася, што існуе яшчэ два творы на гэтыя ж самыя словы — у гурта Naka, і ў Bigi, абодва бралі ўдзел у чарце на Tuzin.fm у розны час. «Мне здалося, што хоць словы адны і тыя ж, але кожны з выканаўцаў хацеў сказаць сваё, так што ня бачу праблемы ў існаваньні розных вэрсіяў», — кажа сьпявачка і дадае, што будзе рада працягнуць свой беларускамоўны досьвед і надалей.

Акрамя аўдыёсамотніка, «Муза» ў выкананьні Юлкі атрымала таксама і сваё відэаўвасабленьне. Кліп на песьню будзе прадстаўлены асобна для нашага відэачарту.

Tuzin.fm, фота Сьвятланы Варашылавай