Прома-ролік «Засьпявай 3.0» выклікаў непрыманьне ў фэміністак (відэа)
2382 / 4
21.03.2016

Прома-ролік «Засьпявай 3.0» выклікаў непрыманьне ў фэміністак (відэа)

Стваральнікаў відэа зьвінавацілі ў сэксуальнай аб’ектывацыі жанчынаў.

З вострай крытыкай роліку ў сацсетках выступіла Юлія Цімафеева. Паэтка і перакладчыца, вядомая таксама сваімі фэміністычнымі поглядамі, абурылася, што конкурс рэклямуюць з дапамогай мадэлі і папракнула аўтараў відэа ў адсутнасьці фантазіі. На яе думку, кліп гэты мог рэклямаваць стрыптыз-клюб ці жаночую бялізну, але аніяк ня песенна-паэтычны конкурс. Да яе меркаваньня далучыліся некаторыя іншыя асобы, у тым ліку філёзаф Вольга Шпарага, якая выказала думку, што ў культуры, якая і так перапоўненая зьвядзеньнем жанчынаў да голага цела, лепей пазьбягаць такога прыёму.

На просьбу Tuzin.fm Юлія Цімафеева ўдакладніла сваю пазыцыю, выказаную ў абмеркаваньні роліка «Засьпявай» у сацсетках: «Мне праўда не зразумела, якое дачыненьне да песеннага конкурсу маюць маўклівыя паўаголеныя жанчыны, якія самлела-пажадліва глядзяць у аб’ектыў і гладзяць інструмэнты. Гэта стары і зацяганы штамп — выкарыстоўваюць жаночае цела для рэклямы любой прадукцыі. І вельмі дзіўна бачыць такія прыёмы камунікацыі, ужытыя ў культурнай сфэры. У беларускай музыцы дастаткова самастойных, яркіх і таленавітых жанчын-музыкаў і сьпявачак, якія ёсьць ня проста музамі, яны самі ствараюць добрую музыку і, мабыць, таксама хацелі б паўдзельнічаць у гэтым конкурсе, але, на жаль, атрымліваецца, што мэсыдж гэтага кліпу скіраваны толькі на мужчынскую аўдыторыю».

Стваральнікі відэа не пагадзіліся з высунутымі «абвінавачваньнямі». «Мы хацелі прыцягнуць увагу да конкурсу, зрабіць гэта ярка, прыгожа, магчыма зь лёгкім элемэнтам правакацыі, якой так не стае ў нашай культурнай прасторы. Але пры гэтым, нікога не абразіць і не прынізіць. Лічу, што ў нас усё гэта атрымалася. Больш за тое — мы перавыканалі задачу, бо ўпершыню ўзьнялі тэму гендэру ў беларускай музыцы, хоць і не плянавалі таго», — сказаў прадусар конкурсу Сяргей Будкін. Рэжысэр роліку Арцём Лобач зазначыў, што яго ўсяго толькі прывабіла прыгожае спалучэньне формы жаночага цела ды віялянчэлі і падзякаваў удзельнікам дыскусіі за істотны фідбэк.

У конкурсе «Засьпявай 3.0» з прызавым фондам 1500 эўра могуць прымаць выканаўцы ад 16 да 33 гадоў. Перавага аддаецца найперш тым музыкам, якія ня маюць афіцыйна выдадзеных альбомаў і сольных канцэртаў. Заявы прымаюцца ў трох намінацыях да 1 траўня. Падрабязнасьці — на старонцы пра конкурс.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Bademus / адказаць
    22.03.2016 / 11:38

    Зайздросцяць :D

  • Jan Mauzer
    Jan Mauzer / адказаць
    23.03.2016 / 12:14

    Файны ролік)

  • Александр Трухан
    Александр Трухан / адказаць
    23.03.2016 / 17:01

    Ролік як ролік. Знайсці пры жаданні можна што хочаш і дзе хочаш, нават на паштоўцы з коцікамі.

  • Белочь Стрелочь
    Белочь Стрелочь / адказаць
    29.03.2016 / 12:33

    недапоратыя

  • КАМЕНТАВАЦЬ