Лідэру ўкраінскага гурту «Фіолет» забаранілі ўезд у Беларусь
2059 / 3
18.03.2016

Лідэру ўкраінскага гурту «Фіолет» забаранілі ўезд у Беларусь

Музыканта Сяргея Мартынюка не прапусьцілі ў нашу краіну, дзе ён меўся даць тры канцэрты.

18 сакавіка Сяргей Мартынюк кіраваўся з Луцку ў Берасьце, дзе меўся даць канцэрт у межах туру свайго сольнага праекту «Піаноакустика», але беларускія памежнікі адмовілі ўкраінскаму музыканту ва ўезьдзе ў краіну. «Супрацоўнікі беларускай мытні патлумачылі, што забарона на ўезд дзейнічае ў сувязі з адпаведным рашэньнем Расейскай Фэдэрацыі, якая пашыраецца і на тэрыторыі Беларусі», — напісаў Сяргей у афіцыйнай суполцы гурту. Заплянаваныя канцэрты ў Берасьце, Менску ды Віцебску давялося адмяніць.

«Сяргея проста ссадзілі з рэйсавага аўтобусу на мяжы і сказалі, што забарона на ягоны ўезд распаўсюджваецца на ўсе краіны Мытнага саюзу, — распавёў Tuzin.fm арганізатар канцэрту Сяргея Мартынюка ў Берасьці Зьміцер Назараў. — Я адразу ж патэлефанаваў у Памежны камітэт, але там мне адно толькі параілі шукаць ініцыятара забароны. Зьвярнуўся ў аддзел па міграцыі, там сказалі, што інфармацыяй, датычнай гэтай асобы, не валодаюць. Відавочна, што ў беларусаў прэтэнзіяў да яго няма, ён праходзіць па сьпісах ад Расеі. Цяпер будзем рабіць запыты ва ўкраінскае консульства, каб дапамагчымся скасаваньня забароны, бо тут церпяць беларуска-ўкраінскія сувязі». Усе квіткі на сёньняшні канцэрт украінскага музыкі ў Берасьце былі прададзеныя. Арганізатары выступу пацярпелі фінансавыя страты, цяпер яны будуць вымушаны вяртаць грошы за квіткі.

«Не бяруся сказаць за што дакладна мяне занесьлі ў гэты сьпіс — можа за Майдан, можа за „Бандэрштат“, можа за песьні, прысьвечаныя ўкраінскім жаўнерам», — зазначыў у камэнтары для Tuzin.fm Сяргей Мартынюк.

Сяргей Мартынюк — заснавальнік гурту «Фіолет» з Луцку, а таксама музычнага праекту «ТраТаТа», ён таксама зьяўляецца адным з арганізатараў фэстывалю «Бандэрштат». Ён актыўна прасоўвае сучасную беларускую музыку ва Ўкраіне, запісаў дуэт з Палінай Рэспублікай і ўключыў у свой рэпэртуар беларускамоўную песьню на словы Яна Маўзэра «Мейсца пакуты», якая ў сэзоне 2010—2011 увайшла ў топ-12 галоўных беларускіх гітоў сэзону на Tuzin.fm. Тым ня менш, неаднойчы яго канцэрты ў Беларусі зрываліся з розных прычынаў.

Яшчэ: У Менску адменены канцэрт гурту «Фіолет»

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Zap / адказаць
    18.03.2016 / 17:09

    Правільна, лепш яшчэ адзін канцэрт Ахлабысьціна забукаем.
    Схералі ўвогуле рашка ўказвае нам, каму дазваляць уезд?

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    18.03.2016 / 17:34

    Дык наўступалі ва ўсялякія саюзы, таму і выходзіць, што вораг для расейцаў аўтаматычна зьяўляецца і ворагам для беларусаў:(

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    22.03.2016 / 10:26

    Цікава.
    Прадстаўнік гурту праверыла на сайце Федэральнай міграцыйнай службы РФ, на якіх падставах грамадзяніну забаронены ўезд у Расію. Аказалася, што… прэтэнзій да Сяргея Мартынюка няма. З’явіліся здагадкі, што забаронамі Расіі могуць прыкрывацца беларускія чыноўнікі і праваахоўнікі.
    Падрабязнасьці - http://euroradio.fm/rasiya-mozha-zabaranic-lyubomu-zamezhniku-uezd-u-belarus

  • КАМЕНТАВАЦЬ