Dzieciuki прэзэнтуюць новы альбом у Менску і Беластоку
2669 / 0
29.12.2015

Dzieciuki прэзэнтуюць новы альбом у Менску і Беластоку

Менскую прэзэнтацыю падтрымаюць гурт Askiepak і Сяргей Башлыкевіч, а ў Беластоку гарадзенскі гурт сыграе разам з Brutto.

Гурт Dzieciuki сканчае працу над другім студыйным альбомам «Рэха». Яго рэліз заплянаваны на канец лютага 2016 году. З гэтай нагоды плянуецца шэраг канцэртаў у Беларусі і за мяжою. Менская прэзэнтацыя заплянаваная на 5 сакавіка ў клюбе «Пляцоўка-Хол» у межах праекту «Жывы Тузін». На днях ідэалягічны аддзел Менгарвыканкаму выдаў гастрольнае пасьведчаньне на гэтую падзею. Плянуецца таксама, што ў канцэрце возьме ўдзел гурт Askiepak і лідэр гурта Leibonik Сяргей Башлыкевіч, які да ўсяго рыхтуе з гарадзенцамі сумесную песьню. Квіткі на канцэрт зьявяцца ў продажы ў першай палове студзеня 2016 году. Першыя 50 квіткоў можна будзе набыць па зусім нізкім кошце.

12 сакавіка Dzieciuki прэзэнтуюць альбом «Рэха» ў беластоцкім Лядовым палацы на сумесным канцэрце з гуртом Brutto. Гледачам зь Беларусі абяцаецца бясплатная візавая падтрымка пры набыцьці квітка да 1 сакавіка. Падрабязнасьці пра гэты канцэрт на сайце «Музтур».

Dzieciuki таксама маюць намер даць канцэрты ў шэрагу беларускіх гарадоў. Сачыць за навінамі гурта можна празь іх афіцыйную суполку.

Tuzin.fm

Тэгi: