Вайцюшкевіч выступіў у філярмоніі (фотафакт)
1508 / 0
12.11.2015

Вайцюшкевіч выступіў у філярмоніі (фотафакт)

Выканаўца ўзяў удзел у вялікім канцэрце, прысьвечаным памяці Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна.

Ідэя канцэрту належыць Народнаму артысту Беларусі, дырыжору Міхаілу Казінцу, які і запрасіў Зьмітра выступіць. Вайцюшкевіч граў разам зь піяністам Канстанцінам Гарачым і баяністам Аляксандрам Шувалавым. Артыст сьпяяў чатыры песьні — «Дачакайся, матуля» і «Месяц — жоўтая лодка» на вершы Бураўкіна і «Пані трошкі ў гадах» ды «Зоркі» на вершы Барадуліна. У імпрэзе таксама ўзялі ўдзел Ядвіга Паплаўская і Аляксандар Ціхановіч, Ігар Задарожны, Андрэй Коласаў ды іншыя беларускія выканаўцы.

«Моцна хваляваўся перад выступам, бо было пачэсна і адказна. Быў рады бачыць у залі Лучанка і Някляева, Ханка і Мілінкевіча. Вось такой магла быць ідэальная беларуская культурная прастора, дзе ўсе могуць мець свой пункт гледжаньня і сварыцца, але падчас слуханьня песень разам суперажываць», — адзначыў Зьміцер у камэнтары для Tuzin.fm.

Вайцюшкевіч па-ранейшаму ўваходзіць у сьпіс выканаўцаў, чыя выступы ў Беларусі забараняюцца.

Tuzin.fm, фота Зарыны Кандрацьевай