Brutto запісалі альбом, які ад іх чакалі (аўдыё)
2251 / 0
14.09.2015

Brutto запісалі альбом, які ад іх чакалі (аўдыё)

Уначы з 13 на 14 верасьня гурт Сяргея Міхалка прадставіў у сеціве другі нумарны альбом «Родны край».

У дыск увайшло 12 песень. Частку зь іх каманда прадстаўляла раней у выглядзе самотнікаў, як «Будзь сьмелым», «Партизан рок» і загалоўны трэк. Альбом уключае некалькі кавэраў — у тым ліку два самакавэры Міхалка на песьні гурта «Ляпіс Трубяцкі» — «Воины света» і «Священный огонь» у актуальным гучаньні, а таксама ўласная інтэрпрэтацыя «London Calling» гурту The Clash, праўда, што ў ёй пяецца не пра Лёндан, а пра Маскву.

Альбом мае ярка выяўлены грамадзянскі патас — якраз такіх песень чакалі ад Міхалка прыхільнікі. Напярэдадні выхаду альбому музыка заявіў, што ня будзе больш пісаць прымітыўных тэкстаў (маючы на ўвазе, відаць, першы альбом Brutto) і вяртаецца да той паэзіі, якая яму была блізкай у апошнія гады існаваньня гурту «Ляпіс Трубяцкі».

Тур у падтрымку альбому «Родны край» пройдзе найперш ва Ўкраіне, дзе цяпер базуецца гурт. Першыя канцэрты адбудуцца 21 лістапада ў Львове (Палац спорту) і 29 лістапада ў Харкаве (Палац спорту). Падрабязьней пра тур — на адмысловай старонцы.

Tuzin.fm