Андрэй Сянькевіч зьняўся для ўкраінскага праекту «Живяком» (відэа)
1452 / 0
17.08.2015

Андрэй Сянькевіч зьняўся для ўкраінскага праекту «Живяком» (відэа)

Выканаўца абраў для здымак беларускамоўную песьню «Дзе я?».

«Живяком» — унікальны ўкраінскі відэапраект, які паўстаў у 2010 годзе. У яго межах здымаюцца акустычныя выступы як уласна ўкраінскіх артыстаў, так і замежных. Колькасьць запісаў ужо сягае чатырох соцень. Сярод іх — Сяргей Бабкін, «Гайдамаки», SunSay і Manu Chao. У жніўні адзначыўся ў праекце беларус Андрэй Сянькевіч зь песьняй «Дзе я?». Здымкі прайшлі ля Сьвірскага замку ў Львоўскай вобласьці, падчас правядзеньня фэсту Woodstock Ukraine 2015, у якім браў удзел і Андрэй (зь беларусаў выступалі сёлета таксама Akute i «Дай дарогу»). «Я наведаў Украіну ўпершыню і гэта быў мой першы опэн-эйр. У тым фармаце, у якім выступаю я без каманды (голас + гітара), часам складана прабіцца на падобныя фэстывалі, таму прыемна, што арганізатары запрасілі падзяліцца сваёй музыкай», — распавёў Tuzin.fm музыка.

У жніўні выканаўца таксама выступіць ў фэсьце Sauletosios naktys (Літва), адыграе некалькі сольных канцэртаў у Санкт-Пецярбургу (24, 25 жніўня) і Маскве (27, 28 жніўня). У верасьні Андрэй зьбіраецца пачаць працу над запісам поўнафарматнай праграмы разам з сваімі музыкамі, а паралельна разам з клявішнікам Паўлам Асіпенкам выправіцца ў міні-тур па Беларусі з piano acoustic праграмай. Першы канцэрт заплянаваны на 10 кастрычніка ў менскім бары «ДК».

Tuzin.fm