2x2 на AD.NAK! — праекты Tuzin.fm узялі два другія месцы
1735 / 0
03.07.2015

2x2 на AD.NAK! — праекты Tuzin.fm узялі два другія месцы

Праекты «Re:Песьняры» і «Апошні золак», якія рэалізаваў партал Tuzin.fm у 2014—2015 гадах, атрымалі ўзнагароды шостага фэстывалю беларускамоўнай рэклямы і камунікацыі AD.NAK! у намінацыі «Грамадзказначныя праекты». Абвяшчэньне пераможцаў адбылося на ўрачыстай цырымоніі 2 ліпеня ў ІВВ.

Праект «Re:Песьняры», які зрабіла рэдакцыя Tuzin.fm пад кіраўніцтвам Сяргея Будкіна ды пры падтрымцы фонду «Вяртаньне» і кампаніі «Будзьма беларусамі», быў прысьвечаны 45-годзьдзю славутага ансамбля. У яго межах сучасныя беларускія музыкі зрабілі свае вэрсіі песьняроўскіх твораў, студыя «Адліга» распрацавала шыкоўную аздобу, рэжысэр Арцём Лобач зьняў выдатны прома-ролікУладзімер Арлоў напісаў да яго прадмову, у клюбе «Re:Public» прайшоў канцэрт удзельнікаў праекту пры падтрымцы БДА «Песьняры». На жаль, праект ня быў скончаны і выдадзены як сьлед празь непаразуменьне з кампазытарам Алегам Моўчанам, які падаў у суд на гурт Naka (усе матэрыялы па тэме). Журы AD.NAK! гэты факт не засмуціў, і яны ганаравалі праект «Re:Песьняры» дыплёмам другой ступені.

Таксама другое месца ўзяў праект «Апошні золак», які рэалізавала творчая каманда Tuzin.fm разам з кампаніяй «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі». У яго межах сем беларускіх выканаўцаў з дапамогай цэлага аркестра музыкаў прадставілі свае песьні, у якіх распавялі пра найбольш распаўсюджаныя спосабы прывядзеньня ў выкананьне выключнай меры пакараньня. Прэм’ера праекту адбылася он-лайн, канцэрт суправаджала пясочнае шоў, відэаінсталяцыі, а таксама прадмовы ад знаных асобаў, сярод якіх брытанскі музыка Стынг і айцец Аляксандар Надсан. Па выніку праекту была зроблена аўдыё- і відэавэрсія, выдадзеная на DVD (прэм’ера праекту на Tuzin.fm). На вялікі жаль, для рэжысэра праекту Паўла Бандзіча гэты праект стаў апошнім у жыцьці. Стваральнікі прысьвяцілі перамогу памяці Паўла.

Сёлета сярод пераможцаў таксама апынуліся такія праекты, як «Крывічы. Маю гонар, бо я донар»«Дзень вышыванкі» ды іншыя. Поўны сьпіс пераможцаў можна знайсьці на афіцыйным сайце AD.NAK!

Tuzin.fm