Праекты «Re:Песьняры» і «Апошні золак» трапілі ў шорт-ліст AD.NAK!
1824 / 0
17.06.2015

Праекты «Re:Песьняры» і «Апошні золак» трапілі ў шорт-ліст AD.NAK!

Два праекты, якія рэалізаваў партал Tuzin.fm у 2014—2015 гадах, увайшлі ў лік фіналістаў шостага фэстывалю беларускамоўнай рэклямы і камунікацыі AD.NAK! у намінацыі «Грамадзказначныя праекты».

Праект «Re:Песьняры», які рабіўся пры падтрымцы фонду «Вяртаньне» і кампаніі «Будзьма беларусамі», быў прысьвечаны 45-годзьдзю славутага ансамбля. У яго межах сучасныя беларускія музыкі зрабілі свае вэрсіі «Песьняроў», студыя «Адліга» распрацавала шыкоўную аздобу, рэжысэр Арцём Лобач зьняў выдатны прома-ролік, Уладзімер Арлоў напісаў да яго прадмову, у клюбе «Re:Public» прайшоў канцэрт удзельнікаў праекту пры падтрымцы БДА «Песьняры». На жаль, праект ня быў скончаны як сьлед і выдадзены, чаму перашкодзіла непаразуменьне з кампазытарам Алегам Моўчанам, які падаў у суд на гурт Naka (усе матэрыялы па гэтай тэме). Журы AD.NAK! гэты факт не засмуціў і яны вылучылі «Re:Песьняры» ў шорт-ліст.

Высока быў ацэнены таксама праект «Апошні золак», які рэалізавала творчая каманда Tuzin.fm разам з кампаніяй «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі». У яго межах сем беларускіх выканаўцаў з дапамогай цэлага аркестра музыкаў прадставілі свае песьні, у якіх распавялі пра найбольш распаўсюджаныя спосабы прывядзеньня ў выкананьне выключнай меры пакараньня. Прэм’ера праекту адбылася он-лайн, канцэрт суправаджала пясочнае шоў, відэаінсталяцыі, а таксама прадмовы ад знаных асобаў, сярод якіх брытанскі музыка Стынг і айцец Аляксандар Надсан. Па выніку праекту была зроблена аўдыё- і відэавэрсія, выдадзеная на DVD (прэм’ера праекту на Tuzin.fm). На вялікі жаль, для рэжысэра праекту Паўла Бандзіча гэты праект стаў апошнім у жыцьці.

У сьпіс фіналістаў у гэтай намінацыі таксама трапілі такія праекты, як «Дзень вышыванкі», «Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны», «Курсы беларускай бізнэс-мовы», арт-праект Zabor. Увесь шорт-ліст на сайце фэстывалю. Абвяшчэньне пераможцаў у гэтай ды іншых намінацыях AD.NAK! адбудзецца на ўрачыстай цырымоніі 2 ліпеня.

Яшчэ: «Тузін.Немаўля» ўвайшоў у лік грамадзказначных праектаў году

Tuzin.fm