Фотафакт: Міхалок атрымаў пасьведчаньне на сталае пражываньне ва Ўкраіне
1538 / 0
26.05.2015

Фотафакт: Міхалок атрымаў пасьведчаньне на сталае пражываньне ва Ўкраіне

Дакумэнт беларускаму музыку ўручыў асабіста кіраўнік Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны.

Сяргей Міхалок публічна папрасіў від на жыхарства ў міністра культуры Ўкраіны ў студзені 2015 году. Трохі пазьней ён патлумачыў, чаму зьехаў зь Беларусі. І вось 25 траўня беларускі музыка атрымаў пасьведчаньне, якое дае права на сталае пражываньне ва Ўкраіне з рук кіраўніка Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны Сяргея Радутнага. Разам зь Міхалком такое ж пасьведчаньне атрымаў прадусар гурта Brutto Антон Азізбекян. Астатнія музыкі каманды Міхалка з такой просьбай да ўкраінскіх уладаў не зьвярталіся.

У паведамленьні Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны з гэтай нагоды адзначаецца: «Міністар культуры Вячаслаў Кірыленка падаў хадайніцтва ў МУС з просьбай прадаставіць дазвол на пражываньне для гэтых двух артыстаў, як дзеячоў культуры, іміграцыя якіх адпавядае інтарэсам Украіны, каб падтрымаць імідж Украіны як дзяржавы, у якой гарантаваныя магчымасьці для вольнага выяўленьня ўласных поглядаў і перакананьняў, у тым ліку праз творчую дзейнасьць, а таксама ўлічыць у гэтым рашэньні пазыцыю гурта па падтрымцы ўкраінскай Рэвалюцыі гонару і іх унёсак у разьвіцьцё ўкраінскай музыкі».

Дакумэнт, які атрымаў Міхалок і Азізбекян дае права стала пражываць на тэрыторыі Ўкраіны і карыстацца тымі ж правамі і свабодамі, а таксама несьці тыя ж абавязкі, як і грамадзяне Ўкраіны за выключэньнем права абіраць і быць абраным у органы ўлады ды працаваць на дзяржаўнай службе.

Яшчэ: Галоўрэд Tuzin.fm камэнтуе Gazeta.ua ад’езд Міхалка

Tuzin.fm, фота ДМС Украіны