Фінскі фэст Lost in Music запрасіў да ўдзелу беларускія гурты
2183 / 0
18.05.2015

Фінскі фэст Lost in Music запрасіў да ўдзелу беларускія гурты

Арганізатары фэсту з аўдыторыяй у 15 000 гледачоў заявілі, што прымаюць заявы ад гуртоў зь Беларусі.

Lost in Music гэта галоўны фінскі шоўкейс-фэстываль, ён праходзіць з 2007 году на клюбных пляцоўках Тампэрэ — другім па велічыні горадзе Фінляндыі, які знаходзіцца за 180 км ад Хэльсынкі. Сёлета ён адбудзецца з 14 да 17 кастрычніка з удзелам каля 100 новых артыстаў з розных куткоў Эўропы. Сярод іх упершыню будуць і беларусы. Арганізатарка фэсту Тапія Кор’юс кажа, што ёй даводзілася ў справе бачыць некаторых вартых беларускіх артыстаў і яна радуецца, што цяпер Беларусь афіцыйна далучаецца да іх мерапрыемства. Партнэрам фэстывалю ў Беларусі выступае сайт Experty.by, які таксама працуе з шоўкейс-фэстывалямі Tallinn Music Week (Эстонія) і Vilnius Music Week (Літва).

Lost in Music ахоплівае самыя розныя музычныя напрамкі, у тым ліку поп, рок, гіп-гоп, электроніку, авангард, фольк, джаз і нават мэтал. Фэст прываблівае шмат музычных адмыслоўцаў з усёй Эўропы, а таксама ЗША і Азіі, якія шукаюць будучых зорак і ўдзельнічаюць у канфэрэнцыі Music & Media (адбываецца ў гэтыя ж дні). Менавіта дзякуючы выступам на падобных шоўкейс-фэстах гурт зь Беларусі Super Besse грае ўлетку на шэрагу эўрапейскіх фэстаў, а трыё Port Mone падпісала міжнародны кантракт з букінг-агенцтвам Charmenko, якое адказвае за канцэрты Горана Брэгавіча і Manu Chao.

Замовы на ўдзел ад артыстаў прымаюцца не пазьней за 31 траўня праз рэгістрацыйную форму на афіцыйным сайце фэстывалю. Адборам займаюцца арганізатары мерапрыемства. Адабраныя выканаўцы атрымліваюць бясплатнае разьмяшчэньне і харчаваньне на дзень выступу, а таксама пропуск на канфэрэнцыю Music & Media. Магчыма візавая падтрымка.

Для гледачоў квіток на ўсе канцэрты чатырох дзён цяпер каштуе 24 эўра, набыць яго можна на сайце Tiketti.fi. Пропуск на канфэрэнцыю Music & Media да 30 чэрвеня каштуе 235 эўра, для студэнтаў — 110 эўра (з пропускам на канцэрты). Працоўная мова конфэрэнцыі — ангельская. Рэгістрацыя на сайце Musiikkimedia.fi.

Tuzin.fm