Вайцюшкевіч зьяжджае ў Вільню і запрашае з сабой (+візавая падтрымка!)
2537 / 0
28.04.2015

Вайцюшкевіч зьяжджае ў Вільню і запрашае з сабой (+візавая падтрымка!)

Ва ўмовах татальнай забароны на прафэсію на Радзіме, артыст вырашыў зладзіць вялікі сольны канцэрт у суседняй краіне.

Вайцюшкевіч разам зь Міхалком і Вольскім лічацца пэрсонамі нон-грата ва ўласнай краіне — яны знаходзяцца пад наглядам спэцслужбаў, даваць легальныя канцэрты ў Беларусі ім забаронена. У выніку Сяргей зьехаў ва Ўкраіну, Лявон знаходзіцца па ўласным вызначэньні ў стане «ўнутранай эміграцыі», жыве ў Менску, але на кантакт з ідэолягамі, якія на кароткія пэрыяды яго «размарожваюць», больш ісьці ня мае намеру. А Зьміцер да апошняга моманту рабіў спробы афіцыйна зладзіць канцэрт у Беларусі. Але кінуў гэтую задуму пасьля ганебнага выпадку з клюбам «Піраты», калі напужаная кімсьці дырэкцыя клюбу нягледзячы на наяўнасьць усіх патрэбных дакумэнтаў і прададзенай залі, проста адмовілася прыняць у сябе сьпевака. Кожны з выканаўцаў сваім шляхам прыйшоў да фармату выязнога канцэрту за мяжой зь бясплатнай візавай падтрымкай. Вільня, да якой 170 км, найлепшы варыянт.

Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra ў поўным складзе даюць вялікі сур’ёзны канцэрт 6 чэрвеня ў Доме польскай культуры (Вільня, Naugarduko gatve, 76), разьлічанай на 500 чалавек. Музыкі прэзэнтуюць новы альбом «Наша песьня» і сыграюць найлепшыя творы.

Квіткі з правам на візавую падтрымку будуць у продажы з 4 траўня. Набыць іх можна толькі ў «Тэатральнай касе» па адрасе: Менск, вул. Калініна, д. 5. Там жа адбываецца рэгістрацыя на падачу дакумэнтаў ў амбасадзе Літоўскай Рэспублікі (Менск) і генэральным консульстве (Горадня). Віза разам з квітком выдаецца аднаразовая, з тэрмінам дзеяньня з 5 да 7 чэрвеня ўключна. Апошні тэрмін падачы — 29 траўня. Квіткі бязь візавай падтрымкі ўжо можна набыць у сыстэмах Kvitki.by (Беларусь) і Bilietai.lt (Літва). Дадатковая інфармацыя — на сайце арганізатараў канцэрту тут і тут.

Tuzin.fm, фота another.by