Моўчан vs. Naka. Неадназначнае аўтарства
2049 / 1
15.04.2015

Моўчан vs. Naka. Неадназначнае аўтарства

Шостае паседжаньне ў Вярхоўным судзе доўжылася шэсьць гадзінаў.

Судзьдзя Іна Цысік працягнула разгляд пазову Алега Моўчана да Насты Шпакоўскай аб незаконнай перапрацоўцы песьні «Малітва», а таксама сустрэчны пазоў сьпявачкі да кампазытара аб устанаўленьні аўтарства дадзенага твору і прыналежнасьці выключных правоў на яго Алегу Моўчану. Асобная ўвага ў гэты дзень была прысьвечана якраз высьветленьню таго, хто напісаў музыку да твору «Малітва». Наста прад’явіла багата доказаў таму, што гэтае пытаньне трактуецца неадназначна. Напрыклад, у энцыкляпэдыі «Кампазытары Беларусі» аўтарства музыкі да «Малітвы» пазначанае за Мулявіным (у суаўтарстве, без пазнакі суаўтара), у праграмах для паступаючых ва ўнівэрсытэт культуры неаднаразова яно прыпісваецца толькі Мулявіну, пра тое ж сьведчыць і шэраг спасылак зь сеціва (прадастаўленыя скрыншоты). Акром таго, суд выслухаў сьведку па справе — Тацяну Моўчан, якая была ў шлюбе з Алегам Моўчанам у пэрыяд з 1989 да 1995 году. Яна прыгадала,што кампазытар распавядаў ёй асабіста пра абставіны стварэньня «Малітвы» і прызнаваўся, што пісаў яе разам з Мулявіным. Свае дапаўненьні ў гэтым пытаньні зрабіў таксама бубнач Зьміцер Харытановіч, суадказчык па справе. Музыка зазначыў, што правёў уласны аналіз кампазыцыі «Малітва» ансамблю «Песьняры», і зрабіў выснову, што вакальная і інструмэнтальная партыі зробленыя ў розных памерах, а гэта сьведчыць пра тое, што яны ствараліся рознымі аўтарамі, як мінімум двума. 

Суд вывучыў матэрыялы па справе, якіх набралася больш за 100 старонак, даследваў паказаньні сьведак і суадказчыкаў, рэчыўныя доказы, прагледзеў відэазапіс «Малітвы» ў выкананьні Шпакоўскай з канцэрту-прэзэнтацыі праекту «Re:Песьняры», заслухаў запіс бас-партыі ўдзельніка гурта Naka Аляксея Паўловіча, аўдыёзапісы прэм’ернага выкананьня «Малітвы» Ўладзімерам Мулявіным і выкананьне гэтай песьні на 30-годзьдзі ансамблю «Песьняры» і даў магчымасьць яшчэ раз выказацца ўсім зацікаўленым у справе. Алег Моўчан і Наста Шпакоўская пацьвердзілі раней сказанае. Адвакат Моўчана Аляксей Самусеў агучыў суму судовых выдаткаў у 8 000 000 руб, якую папрасіў спагнаць з удзельнікаў гурта Naka дадаткова, разам з заяўленай сумай кампэнсацыі ў 18 000 000 рублёў. Адкават падкрэсьліў у сваім выступе, што цяжкасьць парушэньня ў тым, што гурт Naka ажыцьцявіў перапрацоўку «Малітвы» ведаючы, што яе аўтар супраць гэтага. Наста Шпакоўская ў гэтай частцы патлумачыла, што забарона ад Моўчана сыходзіла на выданьне трэку, але не на выкананьне, а песьня выконвалася толькі адзін раз на знак павагі да Мулявіна і Янкі Купалы ў межах тэматычнага канцэрту.

Заслухаўшы ўсе бакі, Іна Цысік абвесьціла, што суд рыхтуецца да прыняцьця рашэньня, якое будзе абвешчана 17 красавіка, папярэдне ў 17:30 у Вярхоўным судзе Беларусі.

Папярэднія матэрыялы, датычныя справы Моўчан vs. Naka даступныя па тэгу Re:Песьняры.

Tuzin.fm, фота Юрыя Іванова

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    16.04.2015 / 01:12

    Выдатны рэпартаж з залі суда Марыі Калесьнікавай
    http://euroradio.fm/harytanovich-mouchanu-vash-pamer-nyapravilny

  • КАМЕНТАВАЦЬ