Моўчан vs. Naka. Удзельнікі гурта заявілі, што стварылі свае партыі
1741 / 0
14.04.2015

Моўчан vs. Naka. Удзельнікі гурта заявілі, што стварылі свае партыі

Вярхоўны суд Беларусі працягнуў слуханьні па пазове Алега Моўчана да гурта Naka. На пятым паседжаньні судзьдзя Іна Цысік заслухала суадказчыкаў па справе — музыкаў каманды Насты Шпакоўскай.

Абодва бакі працягвалі настойваць на сваёй рацыі. Алег Моўчан сьцьвярджае, што гурт Naka незаконна зрабіў перапрацоўку твору «Малітва», на які кампазытар мае выключныя аўтарскія правы. Вакалістка Naka Наста Шпакоўская віны не прызнае, яна высунула позву ў адказ — наконт устанаўленьня выключнага аўтарства Моўчана на дадзеную песьню, напісаную ў складзе дзяржаўнага ансамблю «Песьняры» на словы Янкі Купалы. Наста мяркуе, што аўтарства музыкі належыць або Ўладзімеру Мулявіну, або Мулявіну ў суаўтарстве з Моўчанам. Адпаведныя доказы (вытрымкі з энцыкляпэдыяў ды іншай спэцыялізаванай літаратуры), дзе зафіксаваны гэты факт, сьпявачка прадаставіла суду. Моўчан адрэагаваў на гэтыя закіды нэрвовым сьмехам і не пагадзіўся. Тым ня менш, усе прадастаўленыя дакумэнты былі далучаныя да справы. Кампазытар зазначыў, што мае намер разабрацца з кожным, хто памылкова ўказвае аўтарства «Малітвы» — яно належыць выключна яму.

У ходзе разьбіральніцтва суд заслухаў сьведчаньні трох суадказчыкаў па справе — удзельнікаў гурта Naka, якія былі задзейнічаныя ў выкананьні песьні «Малітва» на словы Янкі Купалы. Бас-гітарыст Аляксей Паўловіч засьведчыў, што ягоная партыя створаная ім самім і дачыненьня да твору Моўчана ня мае. Гітарыст Сяргей Шчурко таксама падкрэсьліў гэты момант: агульнае ў песьні ў выкананьні «Песьняроў» і ў выкананьні Naka толькі словы. Асабіста ён пры стварэньні ўласнай гітарнай партыі не абапіраўся на музыку «Малітвы», якую напісаў Моўчан. Бубнач Зьміцер Харытановіч зазначыў тое самае — ягоная партыя напісаная ім самім ад пачатку да канца без арыентацыі на згаданы твор Моўчана. Апынулася, што ані басіст, ані гітарыст, ані бубнач нават ня чулі першы варыянт «Малітвы», калі стваралі сваю вэрсію песьні на словы Купалы ў межах праекту «Re:Песьняры».

Алег Моўчан сваіх прэтэнзіяў не зьмяняе. Ён вінаваціць музыкаў у тым, што яны выдалілі пройгрыш, зьмянілі форму кампазыцыі «Малітва» і яе памер, за што просіць 18 000 000 рублёў кампэнсацыі, а таксама пакрыцьця судовых выдаткаў ды аплаты судовай пошліны. У судзе абвешчаны перапынак да 10:00 15 красавіка.

Tuzin.fm