Моўчан vs. Naka. У якасьці суадказчыкаў прыцягваюць іншых удзельнікаў гурта
1821 / 0
25.03.2015

Моўчан vs. Naka. У якасьці суадказчыкаў прыцягваюць іншых удзельнікаў гурта

У Вярхоўным судзе адбылося трэцяе паседжаньне па разглядзе пазову кампазытара Алега Моўчана да сьпявачкі Насты Шпакоўскай.

Судзьдзя Іна Цысік прыняла да разгляду сустрэчны пазоў Насты Шпакоўскай аб аспрэчваньні выключных правоў Алега Моўчана на кампазыцыю «Малітва», якая была пададзена на папярэднім паседжаньні. Наста хоча давесьці, што гэты твор належыць не асабіста Моўчану, а беларускаму дзяржаўнаму ансамблю «Песьняры» і што пісаўся ён у суаўтарстве з Уладзімерам Мулявіным і на яго замову. Кампазытар з гэтым не пагаджаецца і настойвае на задавальненьні свайго пазову аб спагнаньні зь сьпявачкі 18 000 000 рублей за тое, што яна апрацавала і выканала песьню безь яго згоды.

Адвакат Моўчана Аляксандар Самусеў заявіў пра неабходнасьць прыцягненьня ў якасьці суадказчыкаў іншых музыкаў гурта і саўндпрадусара, якія працавалі над вэрсіяй «Малітвы». Гэта значыць, што калі позва кампазытара будзе задаволена ў поўнай меры, то яе ў роўных долях сплоціць ня толькі Наста, але і яе бубнач, гітарыст, басіст і гукарэжысэр.

Наступнае судовае паседжаньне прызначанае на 26 сакавіка на 10:00. Суд адкрыты, у залю можна трапіць пры наяўнасьці пашпарту.

Tuzin.fm, фота belapan.com