Сяргей Картэс запрасіў гурт Dzieciuki на сваё 80-годзьдзе
2780 / 0
18.12.2014

Сяргей Картэс запрасіў гурт Dzieciuki на сваё 80-годзьдзе

Славуты беларускі кампазытар хоча, каб гарадзенцы выканалі твор «А хто там ідзе» ў вялікім канцэрце ў Беларускай дзяржаўнай філярмоніі з нагоды яго юбілею.

У вялікай імпрэзе, зладжанай у гонар народнага артыста Беларусі, возьмуць удзел салісты беларускай Опэры, дзяржаўны камэрны аркестар Беларусі, кампазытар Ігар Алоўнікаў ды іншыя знакавыя асобы ў беларускай клясычнай музыцы. Заплянаваная і рок-частка, якую прадставіць гурт Dzieciuki. «Я не баюся, што гэтая каманда будзе на сцэне лішняй. Наадварот — вельмі цікава паглядзець як яны выглядаюць і гучаць. Думаю, што і для публікі гэта будзе прыемная нечаканасьць», — адзначыў Сяргей Картэс у камэнтары для Tuzin.fm. Гарадзенскі гурт сыграе сваю вэрсію твору «А хто там ідзе», які Сяргей Альбертавіч напісаў на словы Янкі Купалы для кінафільму «Раскіданае гняздо» (1982). Кампазытар даў асабістую згоду на выкарыстаньне яго музыкі ў праекце «Re:Песьняры», для якога быў запісаны варыянт песьні ў выкананьні гарадзенскага гурта. Гарадзенцы адкрыюць другое аддзяленьне канцэрту. Адмыслова да гэтага выступу Dzieciuki рыхтуюць новую вэрсію кампазыцыі, а таксама яшчэ адзін невялічкі сюрпрыз.

Канцэрт адбудзецца 21 лютага 2015 году ў малой залі Беларускай дзяржаўнай філярмоніі.

Сяргей Картэс па праве лічыцца клясыкам беларускай музыкі. Ён нарадзіўся ў 1935 годзе ў Чылі, першыя 20 гадоў пражыў у Аргентыне, а ў Беларусь яго сям’я пераехала ў 1955 годзе. Тут ён скончыў кансэрваторыю. Свае першыя творы напісаў у 50-х гадах. Быў дырыгентам і загадчыкам музычнай часткай у Тэатры юнага гледача, Тэатры імя Янкі Купалы, музычным рэдактарам «Беларусьфільму», у 1991—2002 гадах узначальваў беларускі тэатар опэры і балету. У ліку яго самых значных твораў — опэры «Джардана Бруна», «Юбілей», балет «Апошні інка», араторыя «Памяці паэта» паводле Янкі Купалы, музыка да такіх спэктакляў як «Сэрца на далоні», «Клоп», «Трыбунал», «Вечар» і кінафільмаў «Чорны замак Альшанскі», «Вазьму твой боль», «Прыгоды ў горадзе, якога няма» ды яшчэ безьліч твораў.

Tuzin.fm