1950 / 0
08.08.2014

Ірэна Катвіцкая ў Маскве: «Важна было сказаць, што мы — гэта мы» (відэа)

Беларуская сьпявачка адыграла сольны канцэрт з праграмай «Этна-фантазія» ў Рахманінаўскай залі Маскоўскай кансэрваторыі.

Ірэна Катвіцкая давала канцэрт у межах VIII Міжнароднага фэстывалю «Собираем друзей», арганізатарамі якога выступаюць Маскоўская дзяржаўная кансэрваторыя імя Чайкоўскага і навукова-творчы цэнтар «Музычныя культуры сьвету». На выступ беларускай сьпявачкі прыйшло ня шмат гледачоў, але сама Ірэна кажа пра публіку з прыемнасьцю, бо прымалі вельмі цёпла: «На жаль, пакуль беларуская музыка не зьяўляецца брэндам, што выклікае цікавасьць, яе папросту ня ведаюць як самастойны аб’ект культуры. Пасьля канцэрту людзі падыходзілі і прызнаваліся, што адкрылі для сябе беларускі сусьвет і ўпершыню пачулі беларускую мову», ­­— падзялілася Ірэна сваімі ўражаньнямі з Tuzin.fm і сказала, што лічыць на дадзеным этапе сваю місію выкананай, бо для яе было важна менавіта ў гэты момант гісторыі і менавіта ў Маскве давесьці простую ідэю: «Мы — гэта мы. І я папрашу нас ні з кім ня блытаць, бо маем абсалютна ўнікальную сваю культуру».

Запіс канцэрту Ірэны Катвіцкай застанецца ў архіве Маскоўскай кансэрваторыі для таго, каб студэнты змаглі яго выкарыстоўваць для аналізу беларускай сучаснай этна-музыкі: «Спадзяюся, тэарэтыкі добра зразумеюць унікальнасьць нашай традыцыі і сучасных музычных падыходаў да яе пераасэнсаваньня», — зазначае сьпявачка.

Пра выступ Ірэны Катвіцкай станоўча адгукнуўся расейскі рэсурс NEWSmuz.com, ухвальна пра беларуску распавялі на тэлеканале «Россия-Культура».

Яшчэ: Ірэна Катвіцкая: Фантазіі ў стылі этна.

Tuzin.fm