Разрываеш
6239 / 1
28.03.2014

Amaroka і Аліна Талай: «Ты разрываеш маё сэрца» (відэа)

У новым туры відэачарту на Tuzin.fm гурт Amaroka прадстаўляе кліп «Разрываеш» рэжысэра Аляксандра Крупіны. У галоўнай ролі — гонар беларускай лёгкай атлетыкі і проста прыгожая дзяўчына Аліна Талай.

Для гурта Amaroka кліп на песьню «Разрываеш» стаў пятым у відэаграфіі. Зьняў яго кліпмэйкер Аляксандар Крупіна, стваральнік студыі «КапканFilm». Ідэя належыць салісту Зьмітру Афанасенку і басісту Міхаілу Шэстаку. Яны хацелі перад Новым 2014 годам зьняць вясёлы і пазытыўны ролік. За месяц да гэтага Афанасенка пазнаёміўся з Алінаю Талай, вядомай беларускай спартоўкай, прызэркай чэмпіянатаў сьвету і Эўропы па лёгкай атлетыцы. Калі нарадзілася ідэя кліпу, то адразу і прапанавалі Аліне прыняць удзел. Яна вялікая аматарка беларускай музыкі, таму не вагалася ды дала згоду. Потым Талай распавядзе, што ёй надта цікава было паспрабаваць сябе ў іншай якасьці і ад працэсу здымак яна атрымала сапраўднае задавальненьне.

На ўсё пайшоў дзень. Вулічныя сцэны здымаліся каля Нацыянальнай бібліятэкі, а пад кватэрныя здымкі сваю хату аддаў Павал Белавус, мэнэджар гурта і кіраўнік «Арт-сядзібы». Жывёлы ў кліпе таксама яго. «Самае складанае было зьняць рэалістычна менавіта сцэны выступу гурта для Аліны Талай, бо жыву я ў шэраговай хрушчоўцы, у якіх зазвычай усё чуваць што адбываецца ў суседзяў зьверху, зьнізу і па баках, а тут увесь канцэртны апарат і ў паветры на бубнах ня будзеш граць. Але ўсё атрымалася. Добра тое, што зьверху і зьнізу жывуць глухаватыя бабулькі, якіх здымкамі мы асабліва не патурбавалі», — распавядае Паша.

Музыкі з радасьцю прадстаўляюць свой кліп на Tuzin.fm і заклікаюць галасаваць за яго ў чарце ўсім тым, каму ён узьняў настрой.

Amaroka — Разрываеш (рэжысэр — Аляксандар Крупіна). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • lipa777 / адказаць
    03.04.2014 / 19:03

    Зацягнуты, й... эпік фэйл на салодкае...Танчыць з гаротным тузікам гэта павінна проста вышчымліваць слезы а ня выклікваць весялосць й эйфарыю. ПС выдатна клейка стужка на шафе

  • КАМЕНТАВАЦЬ