Дз, дж, г, ч
2071 / 0
08.08.2019

Бізун і пернік ад Піліпа Беспамылковага

Выканаўца прэзэнтуе ў відэачарце на TuzinFM чарговы правакацыйны кліп, які пакліканы прыцягнуць увагу да беларускай мовы.

Гэтым разам Піліп Беспамылковы паўстае ў вобразе рэпэтытара па беларускай мове, які праводзіць заняткі па незвычайнай мэтодыцы. Як распавёў у камэнтары для TuzinFM аўтар, выканаўца, а разам з тым рэжысэр і мантажор відэа Юры Юрчанка, у такі спосаб ён хоча паказаць, што на беларускай мове можна ўздымаць усе магчымыя тэмы. «Спадзяюся, што кліп стане чарговым крокам у разьвіцьці нашай мовы. Яна мусіць прысутнічаць ня толькі ў школьных падручніках, але і ва ўсіх сфэрах жыцьця. І яшчэ: мова — гэта модна».

Кліп здымалі ў звычайнай кватэры. У ролі дзяўчыны зьнялася сяброўка выканаўцы, а ў ролі яе бацькоў — прафэсійныя тэатральныя акторы. Паведамляецца, што ўсе ўдзельнікі здымак атрымалі ад працэсу вялікае задавальненьне.

«Размаўляйце па-беларуску штодня, а калі дрэнна ведаеце мову, тады Піліп ужо ідзе да вас», — дадае выканаўца.

Піліп Беспамылковы — Дз, дж, г, ч (рэжысэр — Юры Юрчанка)

TuzinFM