Дзед Барадзед
376 / 0
04.05.2019

Дзед Барадзед вярнуўся. Цяпер і на відэа

Гурт «Дом Сувязі» прэзэнтуе дэбютны кліп на песьню пра Дзеда Барадзеда, якая лідзіруе ў вясновым аўдыёчарце на TuzinFM.

Гісторыя гэтага відэа бярэ пачатак у 2016 годзе. Тады лідэру «Дома сувязі» Максу Марозаву напісаў ягоны сябра Міхаіл Цыганкоў з прапановай зрабіць разам кліп, каб паўдзельнічаць у конкурсе на Onliner.by. Для таго, каб увасобіць гэтую ідэю ўтварылася цэлая крэатыўная каманда, у якую ўвайшлі таксама Зьміцер Уманец ды Зьміцер Пышны. «Мы адразу ведалі, што будзем здымаць на VHS-стужку, бо ў Зьмітра было ажно дзьве такіх рарытэтных камэры. І адразу выбралі лякацыю для здымак сюжэта: кватэра, якую мы з жонкай тады здымалі, сапраўдны бабушатнік з старой мэбляй. Паводле задумы, галоўны герой чакае гасьцей, глядзіць па старым "Гарызонце"  праграмы з 90-х, накрывае стол з дранікамі й малаком», – распавядае Максім.

Бюджэт кліпа склаў каля 100 даляраў, якія ў асноўным пайшлі на набыцьцё старога тэлевізара ды сяго-таго рэквізыту, а таксама на тэхнічныя выдаткі. А вось выраб касьцюмаў герояў нічога не каштаваў – аўтары роліка зрабілі ўсё сваімі рукамі.  

Дапрацавалі кліп ужо сёлета – дазьнялі кадры з гуртом у актавай залі БНТУ, таксама на VHS, ды перамантавалі ранейшае хоўм-відэа. Вынік сваёй працы музыкі прэзэнтуюць у межах відэачарту на TuzinFM.

Дом Сувязі – Дзед Барадзед (рэж. М.Марозаў, М.Цыганкоў, Зьм. Уманец, Зьм.Пышны).

 TuzinFM, фота цішоткі з symbal.by