Лепшыя на сьвеце
978 / 0
22.04.2019

Сюррэалізм старога Менску ў новым кліпе Вольскага

У новым туры відэачарту возьме ўдзел кліп рэжысэра Арцёма Лобача на чарговую песьню з альбому «Гравітацыя» — «Лепшыя на сьвеце».

Альбом «Гравітацыя», выдадзены на пачатку лютага, храналягічна распавядае пра ўсе асноўныя стадыі жыцьця чалавека: ад нараджэньня да сьмерці. Песьня «Лепшыя на сьвеце» — адна з самых аптымістычных, бо яна пра каханьне. Аднак у відэа яна набыла дадатковыя сэнсы. «У новым кліпе атрымаўся сюррэалістычны дэтэктыў з рарытэтнымі кадрамі старога Менску», — кажа Лявон.

Рэжысэрам відэа стаў Арцём Лобач, які здымаў ужо кліп на адну зь песень з «Гравітацыі» — «Зьніклыя людзі». Вольскаму спадабалася гэтая супраца, таму ён прапанаваў Арцёму абраць яшчэ адну песьню з альбому для відэаўвасабленьня. У гэтым роліку рэжысэр спалучыў архіўную кінахроніку зь відэаздымкамі з архіву Вольскага. «Я абраў менавіта гэты твор, бо мяне зачапіў яе сэнс: „лепшыя-горшыя“. Мне падабаюцца такія супярэчнасьці, на іх грунтуецца эвалюцыя. Мне цікава было зрабіць такі мантаж, каб розныя архіўныя кадры, якія стаяць побач, стваралі сэнс, будавалі мэтафары. Візуальным прыкладам спачатку быў кліп „Up&Up“ гурту Coldplay, але калі я пабачыў хроніку, то вырашыў адыйсьці ад тэхнікі калажу. Таму ня так шмат кадраў з графікай — і толькі там, дзе неабходна было ўзмацніць задуму», — распавядае пра сваю працу Арцём.

Lavon Volski — Лепшыя на сьвеце (рэжысэр — Арцём Лобач)

TuzinFM