Спартанцы
978 / 0
18.04.2019

Rostany. Гісторыя, якая кране кожнага

Гурт Rostany прэзэнтуе ў новым туры відэачарту на TuzinFM кліп-драму рэжысэра Міхаіла Пархоменкі на песьню «Спартанцы».

Выхад кожнага роліка гурта Віктара Рудэнкі — безумоўная падзея, бо музыкі вельмі адказна падыходзяць да свайго кантэнту. Так было ў выпадку з дэбютным відэа на песьню «FMN», якое было зьнята ў Амстэрдаме, так і з новаю працаю «Спартанцы», гэта першы беларускамоўны трэк у рэпэртуары гурта, які быў летась прэзэнтаваны на «Тузіне».

Ідэя і сюжэт кліпу належаць рэжысэру Міхаілу Пархоменку: «Мне было цікава паказаць пачуцьці маладога хірурга, якому давялося апэраваць каханую дзяўчыну. Для мяне гэта шмат у чым перагукваецца з самой песьняй. Ня столькі сэнсава, колькі эмацыйна».

Усе сцэны былі зьнятыя за тры здымачныя дні ў Менску. Найбольш складанымі былі здымкі пад вадою. Для таго, каб атрымаць патрэбны кадар, давялося здымаць па 20 дубляў. Акторы Генадзь Гаранскі і Вікторыя Сабіла разам з апэратарам Максімам Бабічам ды самім рэжысэрам палічылі, што правялі пад вадою дзьве гадзіны, выныраючы раз-пораз, каб набраць паветра. Але высілкі былі таго вартымі, лічаць аўтары і ўдзельнікі здымак, бо атрымалася распавесьці гісторыю, якая ня мусіць пакінуць нікога абыякавым.

Rostany — Спартанцы (рэжысэр — Міхаіл Пархоменка)

TuzinFM