Ведзьміны вочы
1828 / 0
14.03.2019

By Cry. Даведацца пра сваю Цемру

Гурт By Cry прэзэнтуе ў відэачарце на TuzinFM кліп «Ведзьміны ночы», які лідэрка каманды Аляксандра Грахоўская зьняла ў гонар Купальля.

Для By Cry гэта ўжо 10-ы кліп па ліку. Зрэжысавала яго, як і большасьць відэа гурта, Аляксандра Грахоўская. «Iдэяй для яго стварэньня сталі адначасова некалькі чыньнікаў. Па-першае: сама па сабе тэматыка песьні. Купальле гэта час адкрытых парталаў, калі змрочныя сілы прыроды яскрава праяўляюць сваё існаваньне. Па-другое: купальская ведзьма — гэта толькі правобраз, міталягічна-фальклёрны пэрсанаж. Калі паглыбляцца ў псыхалёгію — кожны з нас „носіць“ у сабе Анёла і Дэмана, Багіню і Ведзьму, Рыцара і Ведзьмака. І цікава аднойчы даведацца пра сваю Цемру. І трэці момант — па жыцьці мяне вельмі цікавіць зьвяз Ян/Інь-энэргіяў на Зямлі, як яны стасуюцца і як уплываюць адна на адну», — тлумачыць Аляксандра.

У кліпе зьняліся музыкі гурта By Cry, а таксама актор Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі Максім Шышко. Падчас здымкаў ня ўсё было проста зрабіць зь першага дублю. Сьведчыць гітарыст каманды Сяргей Стэц: «Гэта былі ня першыя нашыя здымкі, але ўпершыню давялося адчуць сябе ўдзельнікамі нейкага таямнічага рытуалу, сэнс якога раскрываўся для ўсіх па ходу справы. У нейкія моманты нам, музыкам, трэба было пераадолець пэўны псыхалягічны барер, каб зрабіць тое, што просіць Аляксандра».

Сама аўтарка відэа кажа, што ўспрымае працу над кліпамі як гульню. «Нашы кліпы гэта не камэрцыйны шаблён, яны створаныя і прасякнутыя толькі творчымі, дзіцяча-наіўнымі энэргіямі стварэньня. Гэта гульні ў… невядома ў што. І невядома, з чым мы захочам пагуляцца яшчэ».

By Cry — Ведзьміны вочы (рэжысэр — Аляксандра Грахоўская)

TuzinFM