Рака
1187 / 0
21.02.2019

Паміж сьветам жывых і мёртвых. Кліп-легенда ад «Млыну Сонца»

У новым туры відэачарту гомельскі фольк-гурт «Млын Сонца» прэзэнтуе кліп рэжысэра Яўгена Іванова на песьню «Рака».

«Рака» трэці кліп на песьню з альбому «Ростань». Створаны ён Яўгенам Івановым, які выступіў ужо аўтарам відэа на песьню «Ваўкалак». Новы ролік Яўген зьняў у якасьці дыплёмнай работы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

У кліпе аўтар крыху пераасэнсаваў і па-свойму інтэрпрэтаваў легенду, пакладзеную ў аснову песьні. Герой сканчвае жыцьцё на полі бою сярод палеглай дружыны. Ваяры адпраўляюцца ў апошні шлях на іншы бераг ракі, які падзяляе сьвет жывых і мёртвых. А дзяўчына жадае злучыцца са сваім каханым і спрабуе прайсьці па яго шляху ў іншы сьвет, пакінуўшы дом, які цяпер для яе ня важны.

Лідэрка калектыву Валянціна Міронава зазначае, што відэашэраг атрымаўся вельмі арганічным і насычаным моцнымі сымбалямі. Стваральнікі відэа спадзяюцца, што вобразы з кліпу ўзрушаць і крануць гледачоў.

Млын Сонца — Рака (рэжысэр — Яўген Іваноў)

TuzinFM