Рух
966 / 0
04.02.2019

Лера Яскевіч. Рух да свайго

Папулярная відэаблогерка і сьпявачка Лера Яскевіч бярэ ўдзел у відэачарце на TuzinFM з кліпам на песьню «Рух».

Гэта другі кліп Валерыі. Ізноў на беларускамоўную кампазыцыю. Першым быў ролік на дуэтную песьню зь Пятром Клюевым, а пасьля сваё відэаўвасабленьне атрымала песьня «Рух», словы да якой сьпявачка напісала разам зь Мікітам Найдзёнавым. Музыку стварыў сьпявак і кампазытар Uzari. У запісе ўзяў удзел ледзьве ня цэлы аркестар. Сярод музыкаў, які былі задзейнічаны — скрыпачка Аляксандра Ісаенка, віялянчэліст Міхаіл Радунскі (Bosae Sonca) і лідэр панк-фармацыі «Кашлаты Вох» Вячка Красулін, які падыграў на дудцы.

Відэа зьнялі пры падтрымцы «Альфа-банку» на вуліцы Кастрычніцкай у Менску. На час здымак нават давялося перакрыць рух транспарту. Над кліпам працаваў рэжысэр Міхаіл Броўка. Адметнасьць працы ў тым, што ўсё зьнятае адмыслова адным дублем.

Як гучыць «Рух» ужывую можна паслухаць у праграме Belsat Music Live зь Лерай Яскевіч.

Лера Яскевіч — Рух (рэжысэр Міхаіл Броўка)

TuzinFM