Паўночная зара
1614 / 0
30.10.2018

Race of Dreamers. Шкодна ня марыць

Праект Race of Dreamers прэзэнтуе на TuzinFM кліп на новую песьню «Паўночная зара» паводле верша Яўгеніі Янішчыц.

Верш, які гарадзенскія музыкі ўзяліся пакласьці на музыку, у арыгінале завецца «Каліна зімы». Вакалістка Дар’я Багаслова лічыць яго адным з найлепшых у паэткі: прыгожым, натхняльным ды прыемным з пункту гледжаньня вакальнай артыкуляцыі. «У цэнтры ўвагі твору — вобраз закаханай жанчыны, якая адчувае сябе часткай Сусьвету. А сымбаль паўночнай зары надае асаблівы сэнс развагам на тэмы жаночага лёсу, творчасьці і хуткаплыннасьці ды непаўторнасьці кожнага імгненьня. Песьня запісаная з мужчынскім бэк-вакалам, каб падкрэсьліць паўнату любоўнага перажываньня», — кажа Дар’я. Кампазыцыя створаная ў фірмовай стылістыцы гурта, у якой спалучаюцца лаўнж, джаз, ф’южан ды нэаклясыка.

Рэжысэрам роліку стаў Юры Дубовік, які імкнуўся перадаць у відэашэрагу ідэю тонкага балянсу  паміж зямной і нябеснай прыродай чалавека. Акрамя Дар’і (кампазыцыя, вакал, клявішы) у здымках і ў запісе песьні ўзялі ўдзел Зьміцер Брытанаў (бэк-вакал, гітара, запіс, гукарэжысура), Васіль Лінцэр (бас), Максім Назарук (бубны).

Race of Dreamers — Паўночная зара (рэжысэр — Юры Дубовік)

TuzinFM