Крумкач
175 / 0
12.08.2018

Znich. Як крыжывалі крумкача і лебедзя

Гурт Znich прэзэнтуе відэа на сваю новую песьню «Крумкач», якое стварыў мастак і бубнач каманды Ўсевалад Календа.

Песьня «Крумкач» напісаная паводле верша Анатоля Сыса «Крыжавалі крумкача». Лідэр Znich Алесь Таболіч трохі скараціў арыгінальны тэкст і дадаў ад сябе прыпеў. «Я быў знаёмы з Сысом, мы неаднойчы сустракаліся ды размаўлялі пра творчасьць, – кажа музыка. – Гэта быў адзін з маіх улюбёных паэтаў. Ён пісаў пра паганскую міталёгію. На жаль, ён пайшоў з жыцьця».

Песьню «Крумкач» гурт прысьвяціў памяці паэта, а таксама 100-годзьдзю Беларускай Народнай Рэспублікі. Алесь тлумачыць, што песьня мае самае непасрэднае дачыненьне да Беларусі. «Усе гэтыя колеры нашае шматпакутнае краіны. Белы – душа. Чырвоны – жыцьцё. Чорны – зямля. Крыж у кліпе ярылаўскі. А крумкач і лебедзь, якіх забіваюць цьвікамі – сымбалі нашае Беларусі».

Кліп на «Крумкача» належыць аўтарству Ўсевалада Календы. Ён мастак, скончыў каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка, грае ў гурце Znich на бубнах.

Znich – Крумкач (рэжысэр Усевалад Календа).

TuzinFM