Небясьпечна
14339 / 0
20.06.2018

Танцы на даху. Nizkiz зьняў кліп на «Песьню году — 2017»

У відэачарце на TuzinFM бярэ ўдзел праца рэжысэра Арцёма Лобача на песьню «Небясьпечна» магілёўскага гурта Nizkiz.

Рэжысэр кліпаў на песьні Akute, «J:Морс», Naka, Vuraj, «Серебряной свадьбы» ды іншых беларускіх гуртоў Арцём Лобач зьняў новае відэа — на кампазыцыю гурта Nizkiz «Небясьпечна», якая паводле галасаньня наведнікаў TuzinFM летась стала галоўным беларускім гітом. «Ідэя належыць гурту. Яна была куды даражэйшай за існы бюджэт, але мы вырашылі рызыкнуць», — кажа Арцём. Уласна ідэя паўстала пасьля здымак шоў Belsat Music Live, якое рэжысуе Лобач. Там ён і пазнаёміўся з музыкамі. Па задумцы, герой кліпу стварае штучны інтэлект, які пераўзыходзіць яго па здольнасьцях: мяняе навакольную прастору, гуляе зь ім, як з марыянэткай. Інтрыга ў тым, ці скарыцца яму чалавек.

Фантастычную ідэю ўвасаблялі прафэсійныя танцоры Nezh Ivanov (H Dance Group) і Вольга Рабецкая (трупа сучаснай харэаграфіі БДМТ і Skvos Dance Company), якія самааддана танцавалі як у лістападаўскім лесе, так і на дахах Менску.

Першапачатковы бюджэт кліпу — 1500 даляраў. Але праз розныя акалічнасьці ён значна перавысіў гэтую лічбу. Здымкі ўклаліся ў два дні: у першы здымалі з раніцы да вечару лясныя і гарадзкія сцэны, другі быў прысьвечаны марскім шпацырам, заключныя кадры здымалі пад Магілёвам.

Кліп быў прэзэнтаваны на мульцілэйбле «Пяршак», а ў сэзоне 2018/2019 бярэ ўдзел у відэачарце на TuzinFM.

Nizkiz — Небясьпечна (рэжысэр — Арцём Лобач)

TuzinFM