Ён і Яна
3236 / 0
19.11.2017

Танцы ў вялікім горадзе. Новы кліп ад Recha

Гурт Recha прэзэнтуе ў зімовым туры відэачарту на TuzinFM кліп на песьню «Ён і Яна», якую Андрусь Такінданг выканаў дуэтам са сьпявачкаю Марынай Вярэніч.

Сам трэк быў прэзэнтаваны раней у аўдыёчарце на «Тузіне», у ім музыкі засьведчылі сваё жаданьне выйсьці з зоны камфорту ды паэкспэрымэнтаваць з поп-фарматам. У запісе ўзяла ўдзел сьвявачка Марына Вярэніч, ляўрэатка конкурсу «Засьпявай 2.0». Кліп зьняў рэжысэр і адначасова лідэр каманды Андрусь Такінданг разам з апэратарам Дзянісам Міжуем, суаўтарам анімацыйнага роліку «Горад». Раскрыць тэму каханьня ў вялікім горадзе вырашана было праз танец.

«Нам быў патрэбны актор, які мог бы танчыць не эстрадна, а вонкава стрымана, пры гэтым з унутраным эмацыйным пачуцьцем», — распавядае Андрусь. Тады ён згадаў пра свайго знаёмага Паўла Трышанкова, а той сказаў, што гатовы зьняцца і ў якасьці партнэра хацеў бы бачыць сваю каханую. «Павал — айцішнік, а танцы ягонае захапленьне. Ён вельмі натуральна выглядае ў кадры і ягоны стыль танцу найбольш адпавядаў нашым крытэрам. Ну і тое, што ён хацеў здымацца са сваёй дзяўчынай нам пасавала, бо акторам ня трэба было ўдаваць адносіны», — кажа рэжысэр. Жаночую ролю ў кліпе сыграла Вольга Гарадніцкая.

Recha — Ён і Яна (рэжысэр — Андрусь Такінданг)

TuzinFM, фота прадастаўлена гуртом