Блізка
9304 / 0
23.06.2017

«J:морс». Cпыніцца і падумаць

Гурт «J:морс» у сваім новым кліпе прапануе адпачыць ад аднадзённых міталягем і лічбавай ахлякратыі.

Песьня «Блізка» пісалася для новага альбому, які толькі плянуецца да выхаду, але ўжо стала гітом. Яна пабачыла сьвет у выглядзе сынглу, паўдзельнічала ў аўдыёчарце, была перасьпяваная спартовымі заўзятарамі і нават выкананая зь дзіцячым хорам у праграме Belsat Music Live. Кліп на яе, дарэчы, быў праспансаваны «Макдональдсам», бо менавіта радок зь іхнай рэклямнай кампаніі натхніў Уладзімера Пугача на яе напісаньне. Без каньюнктуры, запэўнівае лідэр «J:морс», проста пабачыў фразу, якая зачапіла. Агулам жа пісаўся твор з той думкаю, што ў гэтым імклівым жыцьцёвым руху зьяўляецца неабходнасьць спыніцца ды падумаць. «Каму ня хочацца спыніцца і адпачыць ад аднадзённых міталягем і лічбавай ахлякратыі, аддыхацца і падумаць пра тое, што для яго істотна на самой справе? — рытарычна пытае Ўладзімер. — Нас занадта шмат падзяляе ў сучасным сьвеце, але ёсьць рэчы, якія нас аб’ядноўваюць. Гэтая песьня пра іх. На гэтым момант мне наогул цікава пісаць менавіта пра тое, што дае надзею і веру ў новы дзень. Таму мяркую, што і альбом будзе больш аптымістычным».

Вытворчасьцю відэа займалася Das Buro. У кліпа два рэжысэры — Андрэй Грынько і Максім Сіры, а прадусарам роліка выступіў Андрэй Ісачэнка.

TuzinFM