Пустазельле
14411 / 0
06.02.2017

BY CRY. Родам зь дзяцінства

Гурт BY CRY прэзэнтуе на Tuzin.fm новы кліп на песьню «Пустазельле», у якім вырашыў паказаць іншы бок сваёй творчасьці.

У сваім новым відэа музыкі вырашылі аднавіць атмасфэру дзіцячага ранішніка. Дзеля чаго ўласна сваіх дзетак і паклікалі. «Мы, канечне ж, дзёрзкая ды экспрэсіўная каманда, але не саромеемся паказаць іншы бок, „інфантыльны“. Бо ўмеем адрывацца ня толькі на дарослай хвалі, але і ў атмасфэры дзіцячага сьвята. І ні ў чым не саступаем нашым маленькім гарэзам. Пра гэта наш новы кліп», — кажа аўтар кампазыцыі «Пустазельле», гітарыст BY CRY Сяргей Стэц.

У стварэньні кліпу прымала ўдзел вялікая каманда. «Мы задзейнічалі шмат сьвятла, запрасілі таленавітых танцораў ды актораў, упрыгожылі гэты танцавальны трэк неверагоднымі спэцэфэктамі!», — кажа Аляксандар Маркевіч, басіст каманды. Апэратарам роліку выступіў Максім Бабіч, анімацыю зрабіла Марыя Янушкевіч. Песьня запісвалася на «Галапагос Studio» і Cherry Records Studio.

Цікава, што сваю кампазыцыю музыкі BY CRY называюць кавэрам. Вакалістка каманды і рэжысэрка Аляксандра Грахоўская тлумачыць, што «Пустазельле» ўваходзіла ў рэпэртуар дрым-бэнду «Агатка» (ня блытаць з праектам Катвіцкай/Варсобы «Агата», які зьявіўся пазьней, — заўвага ТГ). «Ня ведаю, што з гэтым дзіцячым праектам будзе далей, але маю на яго пляны, проста час яшчэ не прыйшоў», — таямніча кажа Аляксандра адносна будучыні «Агаткі».

Сачыць за навінамі BY CRY можна ў афіцыйных суполках FB/УК.

Tuzin.fm